Трэці дзень фестывалю распачаўся малебнам ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. У сярэдзіне дня ўсе жадаючыя маглі наведаць прэзентацыю кнігі Ларысы Густавай «Царкоўныя спевы. Беларуская спеўная культура Праваслаўнай традыцыі» і заадно паслухаць спевы ў выкананні аўтаркі кнігі.
Вечарам адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю «Каложскі дабравест». Распачаў святочную цырымонію хор духавенства Гродзенскай епархіі, які выканаў гімн «Магутны Божа».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю звярнуўся архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, які назваў фестываль духоўнай вясной. «Песнапенні - гэта малітва, а малітва - гэта зварот да Бога, гэта тое, што ў чалавека ў сэрцы, у душы. Гэта самае патаемнае, што немагчыма патлумачыць простаю чалавечаю моваю, але гэта можна апець у малітве, калі душа крычыць, душа звяртаецца да Бога, душа спявае Госпаду», - адзначыў Уладыка.