Святы прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі Промыслам Божым быў пастаўлены ў першыя шэрагі змагароў за праваслаўную веру ў тыя часы, калі зласліўцы і крыўдзіцелі здзекліва называлі праваслаўных «схізматыкамі» і «адшчапенцамі». Гэты святы займае паважнае месца і ў беларускай культуры. Яго называюць асобай неардынарнай, майстрам мастацкага слова, чалавекам рэдкага пісьменніцкага таленту, выдатным мысліцелем і публіцыстам.
Нарадзіўся святы каля 1595 года ў набожнай сям’і брэсцкіх рамеснікаў Філіповічаў. Вучыўся ў брацкай школе, верагодна, пры Віленскім Свята-Духавым манастыры, дзе атрымаў грунтоўную адукацыю, ведаў багаслоўскую і гістарычную літаратуру, валодаў польскай, лацінскай, грэчаскай, славянскай мовамі.