Урачыстае адкрыццё фестывалю «Каложскі дабравест»
Трэці дзень фестывалю распачаўся малебнам ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. У сярэдзіне дня ўсе жадаючыя маглі наведаць прэзентацыю кнігі Ларысы Густавай «Царкоўныя спевы. Беларуская спеўная культура Праваслаўнай традыцыі» і заадно паслухаць спевы ў выкананні аўтаркі кнігі.
Вечарам адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю «Каложскі дабравест». Распачаў святочную цырымонію хор духавенства Гродзенскай епархіі, які выканаў гімн «Магутны Божа».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю звярнуўся архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, які назваў фестываль духоўнай вясной. «Песнапенні - гэта малітва, а малітва - гэта зварот да Бога, гэта тое, што ў чалавека ў сэрцы, у душы. Гэта самае патаемнае, што немагчыма патлумачыць простаю чалавечаю моваю, але гэта можна апець у малітве, калі душа крычыць, душа звяртаецца да Бога, душа спявае Госпаду», - адзначыў Уладыка.
Затым слова ўзяў намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, які пажадаў, каб вечная духоўная музыка напаўняла душы і сэрцы слухачоў спагадай і цеплынёй, пяшчотай, глыбінёй і міласэрнасцю.
Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко адзначыў, што праграма фестывалю ў гэтым годзе даволі насычаная і разнастайная. І гэта невыпадкова, бо Гродна сёлета абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі. «Спадзяюся, што сумесныя высілкі духоўнай і свецкай уладаў, накіраваныя на падтрымку нашай духоўнай спадчыны, знайдуць водгукі ў сэрцах людзей”, - выказаў надзею Павел Скрабко.
Пасля афіцыйнай часткі адбыўся канцэрт хора студэнтаў Маскоўскай Дзяржаўнай Кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага - мінулагодняга ўладальніка гран-пры фестываля «Каложскі благавест».
У выкананні хора прагучалі як духоўныя спевы, так і кампазіцыі свецкага характару. Сярод рускамоўных песень хор выканаў беларускую народную песню «Ой, рэчанька, рэчанька», якая не пакінула раўнадушнай удзячную публіку.
Інга МАРМЫШ
Фото: Александр ГАНЕЦ