Ад храма святога Архангела Міхаіла ў Шчучыне да царквы Ражства Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Ракавічы прайшлі ўчора Хрэсным ходам звыш сотні паломнікаў. Яны стойка вынеслі доўгую дарогу ў спякоту, каб пакланіцца цудатворнай Ракавіцкай іконе Маці Божай.
На сваім шляху паломнікі з Гродна, Скідаля, свяшчэннаслужыцелі і прыхаджане прыходаў Шчучынскага і іншых благачынняў Гродзенскай епархіі спыняліся ля паклонных крыжоў у Рэзах, Ражанцы, Багуславова і Валянчыцах, каб разам ухваліць Госпада. На ўездзе ў Ракавічы здарожаных паломнікаў, сярод якіх былі і дарослыя, і дзеці, а таксама рабяты з ваенна-патрыятычнага праваслаўнага клуба “Дружына”, прыветна сустракалі мясцовыя вернікі разам са святарамі.