Главная » Новости » 2018 » 08 » 10 » З паклонам і шанаваннем прыходзяць людзі да Ракавіцкай іконы Божай Маці

З паклонам і шанаваннем прыходзяць людзі да Ракавіцкай іконы Божай Маці

Ад храма святога Архангела Міхаіла ў Шчучыне да царквы Ражства Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Ракавічы прайшлі ўчора Хрэсным ходам звыш сотні паломнікаў. Яны стойка вынеслі доўгую дарогу ў спякоту, каб пакланіцца цудатворнай Ракавіцкай іконе Маці Божай.

На сваім шляху паломнікі з Гродна, Скідаля, свяшчэннаслужыцелі і прыхаджане прыходаў Шчучынскага і іншых благачынняў Гродзенскай епархіі спыняліся ля паклонных крыжоў у Рэзах, Ражанцы, Багуславова і Валянчыцах, каб разам ухваліць Госпада. На ўездзе ў Ракавічы здарожаных паломнікаў, сярод якіх былі і дарослыя, і дзеці, а таксама рабяты з ваенна-патрыятычнага праваслаўнага клуба “Дружына”, прыветна сустракалі мясцовыя вернікі разам са святарамі.

– Цудатворная Ракавіцкая ікона Маці Божай – святыня шчучынскага краю. Штогод 10 жніўня праваслаўныя вернікі ўслаўляюць яе на прыгожым свяце, – гаворыць благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк. – Многія людзі знаходзяць у заступніцы падтрымку і дапамогу.

Старэйшыя вернікі і моладзь стараюцца ў гэты жнівеньскі дзень наведаць святое месца, каб умацаваць сваю веру і дух. З іх ліку і жыхаркі вёскі Сухары Ніна Філіпчык, Марыя Каляда і Ніна Стасюкевіч. Жанчыны кажуць, што пасля сумеснай малітвы ва славу Госпада і Багародзіцы, за здароўе блізкіх і супакой душы спачылых продкаў становіцца хораша і лёгка на сэрцы. Ёсць магчымасць паспавядацца і прычасціцца святых Хрыстовых тайн.

 Асаблівыя пачуцці і ў паломніцы са Скідаля Валянціны Гуліда:

– Душа запатрабавала, каб я прайшла гэты шлях да ракавіцкага храма.

Богаслужэнні ў царкве адбыліся ў чацвер вечарам, пройдуць яны і сёння. Так, раніцай ужо адслужылі літургію і хрэсным ходам прайшлі да мясцовай святой крыніцы, дзе адбыўся водаасвятны малебен. Боскую літургію ў храме ўзначаліў мітрафорны протаіерэй Міхаіл Велісейчык. Яму саслужылі святары Шчучынскага і іншых благачынняў Гродзенскай епархіі.

У храме ў гэтыя два дні асабліва людна. Схіляючыся ў малітве перад святым абразам, людзі вераць, што заступніца Багародзіца іх пачуе і дапаможа. І вера гэта мацнее.

Таццяна ПАЛУБЯТКА
Фота аўтара

З паклонам і шанаваннем прыходзяць людзі да Ракавіцкай іконы Божай Маці
З паклонам і шанаваннем прыходзяць людзі да Ракавіцкай іконы Божай Маці
З паклонам і шанаваннем прыходзяць людзі да Ракавіцкай іконы Божай Маці
З паклонам і шанаваннем прыходзяць людзі да Ракавіцкай іконы Божай Маці
З паклонам і шанаваннем прыходзяць людзі да Ракавіцкай іконы Божай Маці
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut