Адбыўся хрэсны ход да Ракавіцкай іконы Маці Божай (больш фотаздымкаў)
Традыцыйнае свята ў гонар цудатворнай Ракавіцкай іконы Маці Божай распачалося з набажэнства ў храме святога Архангела Міхаіла. Затым прыхаджане і паломнікі, шматлікія святары, выхаванцы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба «Дружына» хрэсным ходам пайшлі да царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў Ракавiчах.
Па дарозе да іх далучаюцца вернікі са станцыі Ражанка, вёсак Багуславова і Валянчыцы і іншых населеных пунктаў.
— Летась з-за пандэміі нам не давялося сустрэцца на гэтым свяце. І як жа не хапала ў жыцці такой светлай падзеі! — прызнаецца Людміла Стромская, якая разам з аднадумцамі – групай прыхаджан сабора Усіх Беларускіх Святых — прыехала з Гродна. — Сёння шчыра радуемся ад прадчування сустрэчы з цудатворнай Ракавіцкай іконай.
Спрыяе ўдзельнікам хрэснага ходу і надвор’е – без спякоты і дажджу. Сярод тых, хто адправіўся ў гэты высакародны шлях, людзі сталага веку, моладзь, дзеці. У кожнага на вуснах малітва, а ў сэрцы — шчырая вера.
9 жніўня ў 17:00 у Ракавіцкай царкве адбудзецца Усяночнае трыванне, а заўтра а шостай гадзіне раніцы пачнецца ранняя літургія і водасвятны малебен ля святой крыніцы. У 9.30 вернікі будуць сустракаць уладыку Антонія, епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага.