Чарговае саборнае богаслужэнне святароў Шчучынскага благачыння адбылося ў в. Орля
6 лютага 2018 года, у дзень памяці святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай і блажэннай Валянціны Мінскай, у Свята-Пакроўскай царкве в. Орля адбылося саборнае богаслужэнне святароў Шчучынскага благачыння.
Узначаліў літургію благачынны акругі святар Аляксандар Пасцярняк. Па завяршэнні набажэнства са словам пропаведзі да ўсіх прысутных звярнуўся іярэй Аляксандар Грэцкі, святар Свята- Мікалаеўскага храма в. Турэйск.
Дзесяткі вернікаў мелі простую і шчырую магчымасць у гэты дзень прыступіць да Святых Таямніц Споведзі і Прычашчэння.
- Жыццё святой блажэннай Ксеніі, дарагія браты і сёстры, шмат чаму вучыць нас. Але ж, перш за ўсё, вучыць нас быць вернымі Богу, ушаноўваць храм і малітву! У сваю чаргу, ад імя настаяцеля храма айца Ігара Марчыка і ад імя сябе асабіста, я вельмі прашу Вас падтрымаць усімі магчымасцямі справу рамонта царквы! Чаму? Таму, што і ў гэтым руплівым клопаце аб дабрабыце знешняга выгляда святыні выяўляецца наша справа аб збавенні душы! - адзначыў, паміж іншым, у звароце да прахаджан айцец благачынны.
Дзеля справядлівасці неабходна заўважыць і той факт, што літургійная сустрэча ў храме в. Орля ў бягучым годзе дала магчымасць святарам правесці і чарговую службовую нараду.
Па благаславенню благачыннага, клірык храма ў гонар Аўгустоўскай іконы Прасвятой Багародзіцы г. Шчучына святар Ігар Каласоўскі прапанаваў духавенству акругі звярнуць увагу, абмеркаваць і прыняць да дзеяння распрацаваны на 2018 год план правядзення мерапрыемстваў, прысвечанных (з нагоды юбілеяў) ушанаванню памяці мітрапаліта Іосіфа Сямашка і Полацкага Сабора 1839 года.
Клірык храма Святога Архангела Міхаіла г. Шчучына
Святар Сергій СЯМАШКА
Фота: Геннадзя ШЫШКIНА