Святыні Гродзеншчыны
Сёння ў нашым грамадстве шмат увагі ўдзяляецца духоўнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Таму вельмі важна, каб сувязь паміж сям’ёй, царквой і школай была вельмі цесная. Прыкладам гэтага можна назваць экскурсійны маршрут “Цудатворныя абразы Гродзеншчыны (Ракавічы – Сынкавічы – Жыровічы)”, які быў распрацаваны сумесна настаяцелем храма Раства Хрыстова г.Гродна а.Уладзімірам і настаўнікамі СШ №27 г.Гродна. Калі першы раз на экскурсію адправіліся вучні і настаўнікі, то другі раз да іх далучыліся і бацькі.
23 лiпеня 2013 года стаў днём адкрыццяў для для падарожнікаў, бо пра цудатворныя абразы ў Сынкавічах і Жыровічах чулі многія, а вось, што такая святыня, як абраз Ракавіцкай Маці Божай , знаходзіцца зусім побач, у Шчучынскім раёне, даведаліся ўпершыню. Сустрэча з настаяцелем храма а.Аляксандрам Грэцкім працягвалася дзве гадзіны. Аповед пра з’яўленне цудатворнага абраза Ракавіцкай Маці Божай, гісторыю драўлянай і каменнай цэркваў, пра тое, што царкву не закрылі нават у часы барацьбы з хрысціянскай верай пры савецкай уладзе і польскай і нямецкай акупацыі вельмі ўразіў усіх. Акрамя гэтага цікава было даведацца і пра святароў, якія служылі ў храме, пра гісторыі, звязаныя з цудадзейным абразом, пра даследаванні архіваў. Пра ўсё гэта з любоўю да храма, да святой крыніцы расказваў а.Аляксандр. Магчыма таму ўсе адзначылі тое, што адчулі супакаенне і замілаванне ў храме, каля крыніцы. Развітваючыся, кожны ведаў, што сюды прыедзе яшчэ раз і ўжо не адзін.
Другі прыпынак быў у Сынкавічах. Настаяцель Сынкавіцкай царквы - свяшчэннік Арсеній Ананько, сустрэча з якім заўсёды застаецца ў памяці тых, хто пабываў у гэтым храме, што выклікае пачуцці магутнасці і ў той жа час заспакаення, якія ахопліваюць чалавека, пераступіўшага парог Царквы Святога Архангела Міхаіла, якая нагадвае собой невялікі замак. Хаця ў храме актыўна вялася рэстаўрацыйная праца, для нашай групы была праведена экскурсія. Асаблівая ўвага была нададзена цудатворнаму абразу Божай Маці "Усецарыца", спісак якой зроблены манахамі Ватапедскай абіцелі на Святой гары Афон . Пасля гэтага наведалі святую крыніцу, якая знаходзіцца недалёка ад храма.
Апошні прыпынак – гэта вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. Сёння манастыр уключае Успенскі сабор са званніцаю, Багаяўленскую і Крыжаўзвіжанскую цэрквы, жылы корпус, будынак семінарыі, трапезную, бальніцу, гаспадарчыя пабудовы, сад, агарод, сажалкі. Тэрыторыя часткова абнесена мураванай сцяной з брамамі. Не толькі экскурсіяй і аповедам пра цудатворны абраз “Маці Боская Жыровіцкая” запомніўся манастыр, але і той атмасферай замілавання , якая была там. Акрамя гэтага кожны мог пазнаёміцца з перыядычнымі выданнямі, што былі прысвечаны самым надзённым пытанням нашага жыцця. Пасля наведвання цудатворнай крыніцы ў Жыровічах, мы адправіліся ў Гродна. Час праляцеў непрыкметна, бо кожны яшчэ раз спабаваў асэнсаваць убачанае і пачутае. Дзякуючы гэтаму, усе чакаюць наступнай зкскурсіі, бо жаданне паказаць святыні сваім родным і блізкім было ў кожнага.
Настаўнік СШ №27 г.Гродна
Грэцкая Т.I.