Напрыканцы лістапада ў царкоўных крамах нарэшце з'явіўся восеньскі нумар "Пакалення". Апошні ў гэтым годзе выпуск разглядае тэму расколаў. Упершыню ў часопісе з'явілася інтэрв'ю з архіепіскапам Гродненскім і Ваўкавыскім Арцеміем.
Вокладка свежага часопіса нагадвае восень куды больш, чым сённешняе надвор'е, таму закаханых у каштанавую рамантыку пачатку залатога сезону чакае эстэтычная настальгія. Праўда, па словах стваральнікаў, з восенню вокладка суадносіцца толькі ўскосна, на самай справе велізарны спелы каштан сімвалізуе горад Кіеў, які наведалі журналісты ў імкненні асвяціць тэму украінскага расколу. "Чаму раскол? — Проста цікава. Цікава, чаму людзі вырашаюць часам акрэсліць палачкай на зямлі вакол сябе круг і сказаць: "усё, гэта маё і я тут кірую", цікава, чаму ў пошуку ісціны людзі бягуць прэч ад вытока гэтай ісціны, цікава, ці насамрэч яны абсурдзісты. Цікава, што бачу я і чым гэта адрозньваецца ад таго, што бачаць яны. А галоўнае чаму. Проста задаючы пытанні там, дзе праблема ёсць, можна таксама ж проста атрымаць адказы, каб не дапусціць з'яўлення апошняй там, дзе яе няма", — тлумачыць выбар тэмы галоўны рэдактар часопіса.