Протаіерэй Сергій Паўлавіч Белайц нарадзіўся 12 чэрвеня 1903 г. у г. Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) у сям’і ваеннаслужачага з Беларусі.У 1915 г. разам з маці эвакуіраваўся ў Петраград, дзе ў 1922 г. скончыў пачатковае гарадское вучылішча. У тым жа годзе сям’я Белайцаў вярнулася ў Заходнюю Беларусь, у вёску Мілеўцы (цяпер Шчучынскі раён), дзе мела ўласную гаспадарку. Нягледзячы на дрэннае матэрыяльнае становішча і цяжкую працу на гаспадарцы, Сяргей Белайц актыўна займаўся самаадукацыяй, што дапамагло яму ў 1929 г. скончыць экстэрнам Брэсцкую рускую гімназію. У канцы 1920-х гг. будучы святар пачаў пісаць літаратурныя апавяданні маральна-этычнага зместу і змяшчаць іх у перыядычным друку міжваеннай Польшчы. У 1927 – 1928 гг. творы С. Белайца на беларускай мове былі надрукаваны ў беларускіх газетах і часопісах “Беларуская культура”, “Беларускі дзень”, “Грамадзянін”, у 1929 – 1931 гг. на рускай мове – у рэлігійным часопісе Варшаўскай мітраполіі “Воскресное чтение”.