Памяць свяціцеля Спірыдона ўшанавалi на прыходзе ў мікрараёне Альшанка
25 снежня паводле новага стылю Царква адзначае памяць свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага. Імя гэтага святога архіерэя носіць прыход ў мікрараёне Альшанка нашага горада. З гэтай нагоды Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, узначаліў служэнне Боскай літургіі ў храме святых Віленскіх мучанікаў прыхода свяціцеля Спірыдона.
Яму саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, духаўнік епархіі мітрафорны протаіерэй Аляксандр Наздрын, настаяцель храма іерэй Андрэй Наздрын, клірык храма іерэй Іаан Каяла. Архіерэйскае набажэнства суправаджалася спевамі прыходскага хору. На запрычасным народны прыходскі хор выканаў духоўны верш, прысвечаны свяціцелю Спірыдону.
Па заканчэнні богаслужэння Уладыка прамовіў пропаведзь, у якой звярнуўся да асобы святога. Уладыка адзначыў, што свяціцель ёсць узорам праведнасці, які нам варта пераймаць у сваім жыцці. Нярэдка да святых мы ставімся з жыццёва-практычнага пункту погляду. Разумеецца, па-чалавечы кожнаму хочацца прыстойнага жыцця ў дастатку, у спакоі. Але, клапоцячыся пра зямное, не будзем забывацца пра нябеснае. Будзем памятаць пра вечнае, як заўсёды памятаў свяціцель Спірыдон. І ў святых нашых будзем прасіць перадусім аб вечным.
Свяціцель Спірыдон заўсёды адрозніваўся любоўю да бедных, да вандроўнікаў. Меў вялікае змірэнне, менавіта тое змірэнне, якое не маўчала, калі трэба было выкрыць адмыслова і нахабна схаваныя людскія страсці.
Кожнае з дабрадзействаў ад нас патрабуе мужнасці. Свяціцель Спірыдон меў гэту мужнасць, таму будзем маліцца да свяціцеля Спірыдона, каб дасягнуць яе. Таксама будзем звяртацца ў малітвах да навамучанікаў, каб яны спрыялі стаянню ў веры нам, сучасным хрысціянам.
У гэты ж дзень Заходняя Царква адзначае свята Хрыстовага Нараджэння, паколькі яна, як і большасць Усходніх Цэркваў, святкуе Раство паводле грыгарыянскага календара. Гэта не павінна бянтэжыць нас, вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Кожная Царква мае свае традыцыі, свой устаў, да якога, несумненна, трэба ставіцца з павагай. З гэтай важнай нагоды варта павіншаваць нашых братоў-хрысціянаў заходняй традыцыі са святам Хрыстовага Нараджэння і пажадаць ім усяго найлепшага.
Наперадзе грамадзянскі Новы год, які прыпадае на самыя строгія дні Піліпаўскага посту. Новы год варта сустрэць па-хрысціянску. У многіх гарадскіх прыходах служаць у навагоднюю ноч літургіі, таму вельмі добра было б пачаць год у сценах храма.
Будзем трымацца хрысціянскіх запаведзяў, як трымаўся іх свяціцель Спірыдон, будзем палымнець у веры, як палымнеў гэты святы архіерэй.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч