Прастольнае свята прыхода святога Серафіма Жыровіцкага
Сёння, 6 верасня паводле новага стылю, або 24 жнiўня паводле старога стылю, Царква адзначае памяць прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага, які ўваходзіць у лік навамучанікаў і вызнаўцаў Беларускай Царквы.
Менавіта сёння прыход у пас. Паўднёвы адзначае сваё прастольнае свята. Ушаноўваючы памяць святога Серафіма Жыровіцкага, Высокапраасвяшчэннейшы Ўладыка Арцемій, кіроўны архіерэй Гродзенскай епархіі, узначаліў служэнне Боскай літургіі ў храме блажэннай Ксеніі Пецярбургскай прыхода прападобнамучаніка Серафіма.
Уладыку саслужылi сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, благачынны Гродзенскай гарадской акругі протаіерэй Аляксандр Велісейчык, настаяцель храма протаіерэй Іаан Велісейчык і протаіерэй Аляксандр Жалезны. Па заканчэнні літургіі адбылося слаўленне прападобнамучаніка каля яго пачэснай іконы.
У часе пропаведзі Ўладыка адзначыў, наколькі важна нам, сучасным хрысціянам, ушаноўваць навамучанікаў і браць з іх прыклад у палымянай адданасці Богу. Нярэдка сярод хрысціянаў праяўляецца практычная скіраванасць да рэлігіі. Яна заключаецца ў тым, што кожны са святых можа ўспрымацца выключна як памочнік у нейкіх чыста жыццёвых складанасцях.
Але ўшанаванне святых навамучанікаў не ўпісваецца ў такую псеўдадухоўную парадыгму. Яны дапамагаюць нам у першую чаргу ратавацца не ад нейкіх нягод, а перадусім ад грэху, ад духоўнага здранцвення. Сённяшняя Царква стаіць на крыві навамучанікаў, і Гасподзь дае нам час на пакаянне. Але мы, на жаль, яго не выкарыстоўваем.
У нас адраджаюцца храмы, і гэта добра. Але ці адраджаюцца храмы нашых душ? Няхай прападобнамучанік Серафім сваёй палымянай верай і адданасцю Богу паслужыць нам прыкладам сапраўднага хрысціянскага жыцця, няхай мы ўратуемся яго малітоўным заступніцтвам.
Даведка. Святы прападобнамучанік Серафім (свецкае імя – Раман) нарадзіўся ў 1901 г. у вёсцы Падлессе Ляхавіцкага павета. З ранняга дзяцінства праяўляў асаблівую схільнасць да малітвы і любоў да царкоўнага набажэнства. Скончыў двухкласную Ляхавіцкую вучэльню. У 1922 годзе паступіў у Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, дзе ў 1923 годзе прыняў пострыг з імем Серафім.
У яго былі добрыя пеўчыя здольнасці, таму ён нёс кліраснае паслушанне, і ён стаў добрым рэгентам і ўстаўшчыком. У 1926 годзе ў яго адбылася дыяканская хіратонія і ў хуткім часе іерэйская. У 1941 годзе айцец Серафім выехаў у Мінскім напрамку наладжваць царкоўна-прыходскае жыццё, бо, вядома, Царква ў БССР 1920-х—1930-х гг. зазнала сур’ёзныя ганенні.
Ён быў у розных паселішчах і збіраў прашэнні вернікаў на імя мітрапаліта аб адкрыцці прыходаў, і многіх хрысціў. Акрамя таго, ён збіраў матэрыялы аб пераследзе Царквы ў Беларусі. Пасля айцец Серафім служыў у Мінскім Свята-Духавым храме (на той час кафедральным саборам быў Свята-Петра-Паўлаўскі) і апекаваўся над бальніцамі і дзіцячымі прытулкамі горада. З надыходам савецкіх войскаў ён быў арыштаваны ў Гродне. Пад следствам ён знаходзіўся роўна 10 месяцаў і быў абвінавачаны ў прыналежнасці да “нямецкіх контррэвалюцыйных органаў”. Яму быў вынесены прыгавор да 5 год зняволення ў канцлагеры. Там ён неўзабаве памёр ад разрыву сэрца пасля страшных пакут, перажытых у засценках НКУС.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч