Главная » Новости » 2019 » 02 » 19 » Сустрэча з Людмілай Рублеўскай ў навуковай бібліятэцы ГрДУ

Сустрэча з Людмілай Рублеўскай ў навуковай бібліятэцы ГрДУ

19 лютага 2019 года ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі прайшла сустрэча з Людмілай Рублеўскай, беларускай паэтэсай, пісьменніцай, літаратурным крытыкам, Лаўрэатам прэміі «Залаты апостраф», Лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы празаічны твор», аглядальнікам аддзела культуры газеты «СБ. Беларусь сегодня».

Мерапрыемства праводзілася сумесна з Гродзенскай епархіяй. У якасці гасцей на сустрэчы таксама прысутнічалі святар, паэт Павел Каспяровіч, гарадзенскі паэт, дацэнт кафедры польскай філалогіі ГрДУ ім. Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Анатоль Брусевіч, а таксама старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка.

Адкрыў мерапрыемства дырэктар бібліятэкі Мікалай Грынько, адзначыўшы сімвалічнасць сустрэчы ў рамках Тыдня роднай мовы, які праводзіцца ў Гродзенскім універсітэце ўпершыню.

Айцец Павел Каспяровіч расказаў гісторыю напісання верша “Я веру, што дзесьці…”, які прысвяціў сваёй жонцы, а таксама прачытаў некалькі вершаў іншых тэматык.

Анатоль Брусевіч адзначыў сур’ёзнае стаўленне да слова і паэтычнай творчасці, што пацвердзіў уласнымі вершамі “За акном маім студзень пануры”, “Восень, туга даматканая…” і інш.

Акрамя таго, на сустрэчы быў прэзентаваны чарговы выпуск літаратурнага альманаха “Новы замак”. Валянцін Дубатоўка запрасіў усіх, хто піша, не саромецца і дасылаць свае творы ў гарадзенскі штогоднік.

“Гародню люблю, бывала шмат разоў, але апошні раз была тут некалькі гадоў назад…” – адзначыла Людміла Рублеўская. Пісьменніца паведаміла, што літаральна ўчора распачаліся здымкі фільму па яе апошняй кнізе з цыклу раманаў “Авантуры Вырвіча”, прэм’ера якога запланавана на канец года. Аўтарка згадвае, што ўжо з дзяцінства спрабавала нешта пісаць: вершы, кароценькія гісторыі, якія дапаўняла малюнамі. Дэбютавала Людміла Рублеўская вершам (яе зборнікі “Крокі па старых лесвіцах”, “Адукацыя”, “Замак месячнага сяйва”), пазней звярнулася да прозы (“Старасвецкія міфы горада Б”, кніга казак для дзяцей “Прыгоды мышкі Пік-Пік”, кніга аповесцей “Дзеці Гамункулуса”, “Сэрца мармуровага анёла”, “Пярсцёнак апошняга імператара”, “Ночы на Плябанскіх Млынах”, раманы “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”, “Сутарэнні Ромула”, серыя раманаў “Авантуры Пранціша Вырвіча”).

Асобнае месца ў жыцці Людмілы Рублеўскай займае Школа маладога пісьменніка, дзе яна вучыць маладых творцаў удасканальваць свае веды і ўменні ў літаратурнай дзейнасці. Паступленне ў школу адбываецца ў канцы лета, набіраецца 20 чалавек кожны год (пакуль што толькі маладыя празаікі могуць стаць яе вучнямі), заняткі праходзяць 2 разы на месяц. Навучэнцы атрымліваюць мноства хатніх заданняў, а таксама выконваюць творчыя заданні на лекцыях. У канцы года выдаецца калектыўны зборнік. Некаторыя могуць працягнуць сваё навучанне ў школе: на другім годзе навучання малады пісьменнік працуе над сваёй кнігай, пад кіраўніцтвам выкладчыка.

Завяршылася сустрэча аўтограф-сесіяй.

ГрГУ

Сустрэча з Людмілай Рублеўскай ў навуковай бібліятэцы ГрДУ
Сустрэча з Людмілай Рублеўскай ў навуковай бібліятэцы ГрДУ
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut