У аўторак, 16 студзеня 2018 года, аматары паэтычнага слова Бераставіччыны сабраліся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага на прэзентацыю новага зборніка вершаў гродзенскіх паэтаў пад назвай “Каложскі дабравест“. Сустрэча, як і, дарэчы, выданне зборніка, адбылася ў межах Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў з аднаіменнай назвай.
Трэба адзначыць, што для нас, бераставічан, далёка не распешчаных літаратурнымі мерапрыемствамі, кожная сустрэча з творчымі, адухоўленымі людзьмі падобная на глыток свежага паветра. Сустрэча з гродзенскімі паэтамі, чые творы ўвайшлі ў зборнік “Каложскі дабравест”, не стала выключэннем. Аўдыторыя, якая сабралася ва ўтульнай чытальнай зале, з непадробнай цікавасцю слухала вершаваныя радкі, якія з першых вуснаў чыталі госці-літаратары.