500-годдзе беларускага кнігадрукавання адсвяткавалі ў Шчучыне
У гімназіі г. Шчучына прайшлі літаратурна-навуковыя чытанні, прысвечаныя 500-годдзю Шчучына і 500-гадоваму юбілею з дня выхаду ў свет першай друкаванай кнігі Ф. Скарыны “Псалтыр”. Асаблівай падзеяй мерапрыемства стала прэзентацыя друкарскага станка на ўзор скарынаўскага, зробленага шчучынскімі майстрамі.
- Менавіта дзякуючы беларускаму першадрукару Францыску Скарыне з Полацку -- вядомаму вучонаму, асветніку і гуманісту, беларусы першымі сярод усходніх славян і ўсіх усходнееўрапейскіх народаў атрымалі друкаваную кнігу на роднай мове “Псалтыр”, якая выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года ў Празе, - вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, нагадала дырэктар гімназіі Алена Васільеўна Пасюта.
У “Скарынаўскіх чытаннях”, што на працягу двух дзён праходзілі ў гімназіі, прымалі ўдзел вядомыя навукоўцы, якія на працягу многіх год займаюцца даследаваннем жыцця і творчасці беларускага першадрукара.
Напрыклад, мітрафорны протаіерэй, прафесар, клірык Мінскага кафедральнага сабора, член Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Гардун у сваім выступленні разважаў над хрысціянскімі поглядамі Францыска Скарыны, спрабаваў устанавіць яго канфесіянальную прыналежнасць.
Айцец Вітольд Пяцельчыц, пробашч парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, прадставіў даследаванне дактаранта біблеістыкі, настаяцеля прыхода Святой Тройцы ў Друі Віцебскай дыяцэзіі Сяргея Сурыновіча, у якім аўтар аналізуе моўныя асаблівасці перакладу Скарыны.
А прафесар, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры славістыкі БДУ Іван Аляксеевіч Чарота гаварыў аб бясспрэчных заслугах беларускага першадрукара ў замацаванні і распаўсюджванні Кірыла-Мяфодзьеўскай традыцыі. Паміж іншым, менавіта на шчучынскай зямлі славуты прафесар упершыню зрабіў сенсацыйную заяву для грамадства, дзе, у прыватнасці, адзначыў: «Дзякуючы добрым людзям, зусім нядаўна ў мае рукі трапіў каштоўны ліст старажытнага рукапісу, дзе гаворыцца аб вандроўцы Францыска Скарыны, “слаўнага майстра друкавання кніг з Полоцку”, у Вялікую Сучаву і ў Малдавію з Прагі. Гэта, безумоўна, для навуковага асяроддзя Беларусі азначае пачатак новага вітка ў працэсе даследавання жыцця нашага славутага земляка.»
- 500-годдзе беларускага кнігадрукавання – гэта агульнае свята ўсяго беларускага народа, - звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства Георгій Рой, протаіерэй, кандыдат багаслоўя, настаяцель Свята-Пакроўскага сабора г. Гродна. – Гэта дата яшчэ раз падкрэслівае, што ў беларусаў ёсць каштоўная спадчына, якую мы беражліва захоўваем, а таксама славутыя землякі, дзякуючы якім наша краіна гучыць на ўвесь свет.
Шчырыя словы ўдзячнасці за арганізаваныя “Скарынаўскія чытанні” і запрашэнне прыняць у іх удзел адрасаваў усім гасцям, дзецям і педагогам гімназіі Максім Цыгель, протаіерэй, сакратар Лідскай епархіі. Ён лічыць, што для захавання культурнай спадчыны вельмі важна ведаць сваіх продкаў і шанаваць іх памяць. У шчучынскіх гімназістаў і іх настаўнікаў гэта выдатна атрымліваецца.
Францыск Скарына пакінуў пасля сябе яркі след. Яго спадчына – наш беларускі гонар, нацыянальны скарб. Пра гэта гаварыла ў сваім выступленні Соф’я Барысаўна Савелава, начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” пры Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, эксперт асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, трэнер адукацыйнай суполкі iEARN-Belarus.
З нецярпеннем чакалі ўсе ўдзельнікі чытанняў прэзентацыі друкарскага станка на ўзор скарынаўскага, створанага шчучынскімі майстрамі па ініцыятыве айца Сергія Сямашкі.
- Спачатку была задумка зрабіць толькі бутафорскі станок, каб упрыгожыць ім сцэну падчас мерапрыемства - расказаў айцец Сергій. – Але паступова ўзнікла ідэя “ўдыхнуць у яго жыццё”, дараваць яму магчымасць друкаваць літары і словы. Хочацца выказаць вялікую падзяку людзям – сапраўдным майстрам сваёй справы, якія не засталіся абыякавымі, а з усёй душой падышлі да рэалізацыі гэтага незвычайнага праекта, аўтарам якога з’яўляецца супрацоўнік Шчучынскай МПМК-167 Генадзь Іванавіч Паўловіч.
Дзякуючы залатым рукам майстра гэтага ж прадпрыемства Валерыя Леанідавіча Баравіка звычайная елка ператварылася ў дэталі друкарскага станка. Дызайн прэса і механізм рэдуктара сталі аўтарскай распрацоўкай галоўнага канструктара Шчучынскага рамонтнага завода Сяргея Сямёнавіча Калошы. А рэалізаваць яе дапамаглі майстры Анатолій Міхайлавіч Нюнько і Міхаіл Віктаравіч Шашко. Над друкавальнай платай з літарамі некалькі дзён шчыраваў Міхаіл Мар’янавіч Маскевіч – сталяр-чырвонадрэўшчык. Па папярэдніх падліках наш друкарскі станок здольны выдаваць 14 лістоў за дзве гадзіны.
…Затаіўшы дыханне, з заміраннем сэрца сачылі навукоўцы і ўсе госці, а таксама педагогі і гімназісты, як Францыск Скарына, у вобраз якога выдатна ўжыўся адзінаццацікласнік Уладзімір Пяшко, дастае з друкарскага станка надрукаваны ліст. І менавіта ў гэты момант па-сапраўднаму моцна кожны адчуў усю веліч таго духоўнага подзвігу, які пяцьсот год таму здзейсніў полацкі першадрукар.
Францыску Скарыне давялося жыць і тварыць у складаны час. Аб тых выпрабаваннях, якія выпалі на долю гэтага волата эпохі Адраджэння, аб яго радасцях і бедах расказалі падчас літаратурна-музычнай гасцёўні “Шляхамі Скарыны” гімназісты. Кожнае слова рабят кранала душу, прымушала радавацца поспехам нашага земляка і ледзь стрымліваць слёзы, уяўляючы, што адчуваў вялікі першадрукар, калі агонь знішчыў усю справу яго жыцця…
Нават не стараліся ўдзельнікі гэтага незвычайнага мерапрыемства хаваць свае пачуцці. Усхваляваныя, напоўненыя нейкай асаблівай радасцю, яны дзяліліся сваімі ўражаннямі і дзякавалі арганізатарам. Усе госці атрымалі на памяць свежанадрукаваныя лісты.
- Дзякуй, табе, Скарына, за тваю вялікую справу і за бязмежную любоў да простага народа!, - гучала ад шчырых сэрцаў у сценах гімназіі.
А “Скарынаўскія чытанні” працягваліся і на наступны дзень. Яны прайшлі пад назвай “Францыск Скарына: след чалавека – след жыцця”. Тэмы васямнаццаці работ, прадстаўленых гімназістамі, былі самымі рознымі. І кожная з іх яшчэ больш дапаўняла вобраз беларускага першадрукара, раскрывала шматбаковасць яго асобы.
Ганна РУДСКАЯ
Фота аўтара
Чытайце таксама:
http://dzyannica.by/content/francysk-ckaryna-sled-chalaveka-sled-zhyccya