У Свята-Пакроўскім саборы адбылася сустрэча з прадстаўнікамі і сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў
29 студзеня 2016 года святары Пакроўскага кафедральнага сабора, журналісты, навукоўцы і прадстаўнікі абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў абмеркавалі магчымасці ўзаемадзеяння.
У прывітальным слове настаяцель протаіярэй Георгій Рой адзначыў неабходнасць беларускага мастацтва і літаратуры дзеля сапраўднага адраджэння нашай праваслаўнай Царквы і важнасць творчасці пісьменнікаў, якія нясуць у нашае грамадства традыцыі беларускай культуры, беларускага слова, беларускай паэзіі і беларускай літаратуры. - “Жыццё хрысціяніна не паўнавартаснае, калі хрысціянін не звяртае ўвагі на культуру.”
Пасля прэзентацыі іярэя Паўла Каспяровіча “Культурна-асветніцкая дзейнасць Свята-Пакроўскага сабора” адбылася плённая суразмова-знаёмства. Вынікам сутрэчы павінны стаць шэраг культурных імпрэзаў, прысвечаных жыццю і творчасці класікаў беларускай літаратуры, а таксама больш плённыя ўзаемаадносіны святароў, журналістаў і пісьменнікаў дзеля папулярызацыі беларускага слова.
Супольнае культурна-асветніцкае мерапрыемства да 70-годдзя стварэння філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Прынёмання адбудзецца ў актавай зале Пакроўскага сабора… сачыце за анонсамі ў другой палове сакавіка.
У сустрэчы прынялі удзел:
- настаяцель Свята-Пакроўскага сабора протаіярэй Георгій Рой
- святар Свята-Пакроўскага сабора іярэй Павел Каспяровіч
- старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка
- прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч
- паэт, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Анатоль Брусевіч
- паэт Юрка Голуб
- дацэнт кафедры беларускай літаратуры, кандыдат філалагічных навук Алла Петрушкевіч
- рэдактар духоўна-асветніцкага журналу "Пакаленне" Алена Бабіч
- паэт, аспірант кафедры рускай і замежнай літаратуры ГрДУ імя Янкі Купалы Вольга Агапонава
- студэнт філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Дзмітрый Даўгаполік
Мікалай БАЙДА