Свечка веры на Шчучынскай зямлi
Доўгачаканая, знакавая падзея: ніжні храм Богаяўленскай царквы ў Шчучыне асвечаны ў гонар Аўгустоўскай іконы Прасвятой Багародзіцы, якая з’явілася ў нашых краях і дапамагла перамагчы захопнікаў падчас першай сусветнай вайны. Радасць свята з вернікамі райцэнтра раздзяліў упраўляючы Гродзенскай епархіі Ўладыка Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, святары Шчучынскага благачыння, браты-католікі ды паломнікі.
І старыя, і малыя жыхары райцэнтра палічылі за гонар стаць сведкамі знамянальнай падзеі: падчас богаслужэння храмавае памяшканне плошчай звыш 350 кв.м. было запоўнена да даказу. У супольнай малітве зліліся больш за паўтысячы чалавек. Непаўторна спяваў царкоўны хор. Пасля чыну асвячэння адбылася першая Божая Літургія, многія прыхаджане прычасціліся Святых Хрыстовых Таямніц.
- Новы храм – гэта пакаянне кожнага з нас за ўсё наша жыццё, за бязбожныя гады, разбурэнне храмаў і спустошанне душаў, - зазначыў Уладыка. – Сучаснаму пакаленню царква дасталася ў вельмі складаным стане. Тым больш складана несці адказнасць за будаўніцтва храма Божага, добраўпарадкаванне прыходскага жыцця і сямейных адносін. Але пакуль ёсць магчымасць, трэба гэта рабіць…
Святочны дзень набліжалі многія жыхары райцэнтра, таму імяніннікамі адчувалі сябе ўсе. Храм будуецца метадам народнай будоўлі ўжо сем год. Распачынаў яго будаўніцтва протаіерэй Яўгеній Павельчук – тагачасны настаяцель новага прыходу, працягваў – іерэй Сергій Сямашка і зараз гэтым займаецца іерэй Аляксандр Пасцярняк. Пасільны ўнёсак у высакародную справу зрабілі і робяць прыхаджане, бізнесоўцы, прадпрыемствы.
Разьбу по блочнаму іканастасу выканаў таленавіты мастак, настаяцель храма святога Марціна Тураўскага г.п. Жалудок іерэй Святаслаў Яўтушык. Абразы напісалі ў Свята-Благавешчанскім жаночым манастыры г. Слоніма.
Гледзячы на светлыя твары шчучынцаў, архірэй зазначыў:
- Вы сабраліся сёння ў храме, бы адна сям’я. Жадаю вашай сям’і і надалей згуртоўвацца пад агульнай ідэяй любові да Хрыста і царквы…
Напрыканцы службы Уладыка перадаў у дар прыходу напрэстольны крыж, а за нястомную працу па будоўлі храма ўзнагародзіў яго настаяцеля, благачыннага Шчучынскай акругі іерэя Аляксандра Пасцярняка правам нашэння наперснага крыжа.
- Радасць сённяшняй падзеі будзе доўга саграваць нашы сэрцы, - падкрэсліў іерэй Аляксандр Пасцярняк. – Мы спадзяемся, што з Божай і людской дапамогай дабудуем верхні ярус храма Богаяўлення, які патрэбны не толькі нам, але і нашым нашчадкам. Новы храм стане сапраўднай архітэктурнай жамчужынай рэгіёну і, галоўнае – жамчужынай духоўнай, упрыгожаннем нашых душ, крыніцай святла, натхнення, душэўнай спагады…
Ала БІБІКАВА
Фота аўтара