У кніжнай краме гродзенскага кафедральнага сабора арганізавана “Беларуская кніжная палічка”
Ініцыятарамі выступілі праваслаўнае брацтва Трох віленскіх пакутнікаў сумесна з Гродзенскай епархіяй. На палічцы прадстаўленыя рэлігійныя выданні на беларускай мове. Тэматыка выданняў даволі разнастайная: кнігі Свяшчэннага Пісання як у адным зборы, так і асобна, тэксты богаслужэнняў і малітваў, “Пропаведзі” архіепіскапа Арцемія, царкоўна-гістарычныя даследаванні на розныя тэмы, Беларускі Праваслаўны Каляндар на 2014 год, мастацкія творы, дыскі з богаслужэбнымі песнапеннямі і народнымі спевамі рэлігійнай тэматыкі.
Беларускамоўны праваслаўны вернік Мікалай ставіцца да такой навіны станоўча:
- Я даўно шукаю беларускамоўную праваслаўную літаратуру. Збіраю па крупінах. Знайшоў добры асартымент ў кнігарні Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску. Зараз радуюся, што асартымент і ў нашай царкоўнай краме пашырыўся. На жаль, не хапае яшчэ для дзетак беларускамоўнай праваслаўнай літаратуры.
Усе пералічаныя выданні можна набыць у магазіне Гродзенскай праваслаўнай епархіі па адрасе: вул. Акадэмічная, 2; тэл. (8-0152) 96-41-19. Магазін працуе: штодзень з 9 да 13 і з 14 да 18 гадзін, у нядзелю з 8 да 16 гадзін.
Інга МАРМЫШ