7 ліпеня 2014 года, або 24 чэрвеня паводле старога стылю, у дзень Ражджаства Святога Прарока, Прадцечы (Папярэдніка) і Хрысціцеля Гасподня Іаана, Луненская парафія адзначала прастольнае свята. З гэтай нагоды адбылося ўрачыстае служэнне Бажэственнай Літургіі, што ўзначаліў протаіерэй Анатолій Ненартовіч, сакратар Гродзенскай епархіі, у саслужэнні настаяцеля храма іерэя Аляксандра Свістуна. Падчас сваіх казанняў айцец Анатолій звярнуў увагу на важнасць для ўсіх пабожных хрысціянаў той вялікай падзеі, што адзначаем мы ў гэты дзень. Пасля набажэнства адбыўся Хрэсны ход. На свята прыбылі жыхары не толькі мястэчка, але і вёсак, што адносяцца да Луненскай парафіі: Машталераў, Стральцоў, Няцечаў, Жылічаў, Хамічоў, Камянчанаў, Мінявічаў, Мяшэтнікаў ды інш. На гэта парафіяльнае свята ў местачковы храм з`язджаюцца і дзеці старых жыхароў гэтых вёсак. Спачатку ўсе моляцца на Бажэственнай Літургіі, многія спавядаюцца і прычашчаюцца.