Святары Гродзенскай епархіі: протаіерэй Міхаіл Велісейчык
Наш сённяшні госць — айцец Міхаіл Велісейчык, клірык храма прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага ў Гродна, мітрафорны протаіерэй, куратар нядзельных школ Гродзенскай епархіі і былы Шчучынскі благачынны.
У айца Міхаіла цудоўная памяць. Ён даслоўна пераказвае ўмову задачы, якая трапіла яму на экзамене ў інстытуце, і паіменна пералічвае выкладчыкаў, лістаючы студэнцкі альбом.
Гэта можа падацца дзіўным таму, хто не ведае першай прафесіі айца Міхаіла і яго шляху да яе. Справа ў тым, што айцец Міхаіл 19 гадоў быў выкладчыкам у школе. Дзякуючы сваёй працы там і ўсім тым намаганням, якія спратрэбілася вясковаму хлопчыку прыкласці, каб яе атрымаць, айцец Міхаіл сёння такі сабраны, акуратны і адказны. Ён з ахвотай адгукнуўся на нашу просьбу расказаць пра сваё жыццё і расказаў так, як гэта можа зрабіць толькі настаўнік: цікава і паслядоўна.
Дзяцінства
Нарадзіўся я 12 жніўня 1951 года ў вёсцы Замасцяны Шчучынскага раёна ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацькі мае былі людзьмі веруючымі, хаця атэістычная прапаганда зрабіла сваю справу: тата на нейкі час адыходзіў ад Царквы, потым вяртаў яго назад ужо я. А мама заўсёды хадзіла да споведзі.
У мяне былі малодшыя сястра і брат. Таксама з намі жыла папіна сястра. Вось гэта і была наша сям’я.
Па сутнасці, вольнага часу ў мяне не было. Прыходзілася гадаваць сястру і брата. З другога класа я пачаў пасвіць кароў. Мама працавала тэхработніцай у школе, колькі яна магла там зарабіць? А трэба было і штосьці з ежы купіць, і апрануцца. Таму мы хадзілі на работу: збіралі і здавалі ягады. Так я сабе ў пятым класе боты купіў. Пасля шостага — зарабіў на гадзіннік і туфлі. Пасля восьмага класа наогул атрымаў некалькі соцен — вялікія грошы. Купіў куртку, пальто, касцюм. А потым цётка пайшла працаваць на ферму, і я ёй дапамагаў. Сумаваць не было калі.
Маленькі Міша
Ні духоўнай літаратуры, ні малітвасловаў у нас не было. Але мама перапісала нам малітву «Ойча наш», якую яна ведала яшчэ з польскай школы. Я вучыў гэту малітву, доўга вучыў, таму што словы былі для мяне незразумелымі. Сам вывучыў, даў сваёй стрыечнай сястры, яна — сваёй сяброўцы. Так мы размнажалі гэту малітву, бо друкаванага нічога не было.
Святаў мы заўсёды чакалі. Гэта значыла, што будзе смачная ежа, прыедзе хросная маці з Гродна. Асабліва любілі Пасху, Нараджэнне Хрыстова і Сёмуху, на другі дзень якой у суседняй вёсцы быў фэст.
Царква была ад нас у пяці кіламетрах. Каб ісці ў той час у храм, вопратка павінна быць адпаведная, а ў нас што было? Таму мы частей прычашчаліся падчас нашага вясковага свята. 7 ліпеня, на дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля, у нашай вёсцы быў фэст. Ладзілі часовую капліцу, збіраліся людзі з навакольных вёсак, прыязжаў бацюшка, служыў літургію. Для нас гэта было вялікае свята. Пасля фэсту ішлі асвячаць могілкі, а потым мясцовыя запрашалі гасцей на трапезу ў хаце. Пасля моладзь налажвала танцы. Апошні раз гэта было ў 1960 годзе. Потым бальшавікі забаранілі. Аднавілася гэта традыцыя толькі ў 1992-м. Але вёскі ўжо стаялі пустыя...
З хроснымі бацькамі
Калі я вучыўся ў трэцім класе, мама на Вербніцу завяла мяне да першай споведзі. Пасля гэтага я стаў хадзіць у царкву з цёткай. У шостым класе мы з сябрам пайшлі на службу Вялікага Чацвярга. Бацькі расказвалі, як там чытаюць дванаццаць Страсных Евангелляў, і нам надта ж хацелася папрысутнічаць. Ішоў 1964 год, у царкву дзяцей ужо стараліся не дапускаць. А мы былі, як кажуць, дасціпнымі: надта ўвагі не звярталі, сабраліся і пайшлі. Купілі свечкі. Я дастаяў да шостага Евангелля, а потым мяне заўважылі і сказалі: «Хлопчык, ідзі дахаты». Я патушыў свечку, сабраўся і пайшоў.
Школа і інстытут
Вучыўся я нядрэнна, але спачатку разумеў не ўсё, што чуў і чытаў у школе. Справа ў тым, што наша вясковая мова была змешанай: нібыта і руская, і беларуская, і польская. Калі я пачаў чытаць шмат мастацкай літаратуры, то стаў разумець, што кажа настаўнік, што пішуць у практыкаваннях і заданнях, і з 4-5 класа стаў добра вучыцца.
Я скончыў матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Гродзенскага інстытута імя Янкі Купалы. Раскажу, як складаліся мае адносіны з матэматыкай.
Прыйшла ў пятым класе да нас строгая настаўніца. Нам не ўсе яе тлумачэнні былі зразумелыя, а спытаць мы баяліся. Я да таго дайшоў, што за першую чвэрць мне пагражала двойка. Але потым гэта настаўніца пайшла ў дэкрэт, і наша класная пачала выкладаць нам арыфметыку. Я добра адказаў на адным з урокаў, і яна паставіла мне чацвёрку. У выніку за першую чвэрць мне выйшла тройка.
Пачаліся дробы, а я не разумею, як іх складаць. З намі па-суседску працавала фельдшэр, якая добра ведала арыфметыку. Яна расказала мне, як складаць дробы, і ў мяне справа пайшла. Потым настаўніца вярнулася з дэкрэта і за другую чвэрць паставіла мне ўжо чатыры. А за трэцюю чвэрць у мяне была пяцерка, і потым пайшлі адны пяцёркі.
Мабыць, я вырашыў паступаць на настаўніка таму, што акрамя доктара, медыцынскага работніка і настаўніка іншых прафесій у вёсцы не бачыў. Настаўнікі жылі ў нас на кватэры, яны былі людзі акуратныя, і хацелася быць падобнымі на іх. Да паступлення я рыхтаваўся: нарашаў два агульныя сшыткі задач, а доказы па геаметрыі ведаў некалькімі спосабамі. І для мяне было дзівам, калі нехта ехаў паступаць у ВНУ без падрыхтоўкі, на шчасце. Якое можа быць шчасце, калі табе трэба прымаць удзел у конкурсе?
Са школьнікамі ў Маскве
Дзякуй Богу, я паступіў. У нашай групе ў асноўным былі людзі з вёскі, якія ведалі, чаго хочуць. Мы прыйшлі атрымаць спецыяльнасць, каб працаваць, каб жыць, как мець кусок хлеба. Можа для сучаснага чалавека гэта гучыць дзіўна, таму што адукацыя сучаснага чалавека — гэта праблема яго бацькі з маці. А у нас як было? Прыедзеш дадому, возьмеш што з ежы, дзесяткі дзве дадуць… А далей едзь і спраўляйся сам.
Складанага ў самой вучобе нічога не было, заняткі былі цікавыя і выкладчыкі добрыя. Уявіце: наша куратарша да гэтага часу працуе ва ўніверсітэце. Яна вельмі прыемны чалавек, шмат ведае, і хацела, каб мы атрымалі агульнае развіццё. Яна вазіла нас на экскурсію ў Друзгенікі, у тэатр Оперы і балета ў Мінск, у Гродзенскі драмтэатр і шмат чаго дала нам.
Служба на марфлоце
Праз два гады пасля заканчэння інстытута, калі я ўжо працаваў у школе, мяне прызвалі ў часць грамадзянскай абароны, прывезлі ў абласны ваенкамат у Гродна. Мы з аднакурснікамі прайшлі медкамісію, і іх адправілі на ўчастак грамадзянскай абароны, а мяне, па невядомых для мяне прычынах, — на карабель у Севераморск, на Паўночны флот.
Мы ехалі туды ўтраіх: хлопец пасля тэхнікума з Ліды, хлопец з Ракавіцкага прыхода і я. Ехалі праз Пецярбург, схадзілі ў Ісакіеўскі і Казанскі саборы, падышлі да Аўроры… Потым даехалі да Мурманска і адтуль — на флот. Пачалася камісія, і мяне адразу прызначылі на крэйсер «Мурманск», а маіх спадарожнікаў адправілі ў вучэбны атрад. На крэйсеры я праслужыў амаль год.
Падчас службы на крэйсеры
Спачатку мне было страшна, таму што па маіх паняццях поўнач — гэта натуральная ссылка. А мяне ў ссылку за што? Да таго ж якраз у студзені таго года памёр стрыечны брат маёй жонкі, які працаваў на караблі у Мурманску і памёр недзе ля Канады. У мяне адразу думкі: «Чалавек памёр на моры… Божа… А мяне за якія грахі?»
На другі ж дзень пасля прыезду мы адправіліся ў паход да Фарэрскіх астравоў на два тыдні. Пачаўся шторм, і мне, які ніколі такога не бачыў, было страшна. Я сядзеў над вядром... Потым прывык і неяк спраўляўся. Я ўсё ж такі дарослы ўжо быў і самастойны.
Падчас маёй службы на флоце ў мяне нарадзіўся сын Аляксандр. Я прыбыў на крэйсер 15 мая, а Аляксандр нарадзіўся 16-га. Намеснікам аддзела па палітчасці ў нас быў студэнт-завочнік Мурманскага педінтытута. Ён са мной наладзіў адносіны: я дапамог яму перавесці дзесяць тэкстаў з нямецкай мовы, напісаў шпоры па гісторыі і псіхалогіі, а ён мне ў канцы ліпеня даў отпуск дахаты.
Дэмабілізаваўся я 5 мая, праз год пасля прыбыцця на флот, 6-га прыехаў дадому. Гэта быў трэці дзень Вялікадня. А 7-га ці 8-га паехаў уладкоўвацца на работу. Трэба было за штосьці жыць.
Праца настаўнікам
Я працаваў у Навадворскай школе 19 год, і ў мяне ад гэтага часу засталіся самыя лепшыя ўспаміны. Да і зараз заходжу да некаторых калегаў, некаторых вучняў і настаўнікаў я вянчаў.
У нашай школе была дысцыпліна. Дырэктар трымаў яе і сярод настаўнікаў, і сярод дзяцей. Калі пазней нам далі другога дырэктара, дысцыпліна стала аслабяваць, і гэта адразу сказалася на ўсім. Таму ўсё залежыць ад кіраўніка: як ты адносішся, як ты патрабуеш. Калі ты глядзіш скрозь пальцы, толку не будзе, і доўга ты не напрацуеш.
Першы клас, дзе айцец Міхаіл быў, як ён сам пажартаваў, «класнай дамай»
У школе дырэктар навучыў мяне працаваць і тую справу, якую ўзяўся рабіць, рабіць не абы як, а добрасумленна, каб можна было кожнаму спакойна глядзець у вочы. І гэта мне вельмі дапамагло потым у Царкве. Гледзячы на сённяшнюю моладзь, нават на святароў, мне здаецца, што ім многаму трэба вучыцца, бо яны не працавалі на свецкай рабоце і не ўмеюць падпарадкоўвацца. А гэта немалаважна. Рабіць толькі тое, што хачу, няправільна.
Калі я вярнуўся з флота, то працаваў усё лета, нягледзячы на тое, што ў настаўнікаў вялікі отпуск — 56 дзён. Адпрацаваў год, а потым мяне назначылі арганізатарам пазакласнай работы. А апошнія шэсць год у школе я быў завучам.
Адзінае, што нас у школе вымушалі праводзіць выхаваўчую атэістычную работу. Але мы неяк выкручваліся: рабілі ўпор на мастацтва і літаратуру.
На пасяджэнні ў школе
Сям’я
Сваю матушку я ўпершыню ўбачыў праз вакно ў Новым Двары, дзе была мая школа. Матушка сама навадворская. Яна скончыла медвучылішча і працавала медсястрой у бальніцы.
Вокны хаты, дзе я жыў на кватэры, выходзілі на дарогу, якой яна заўсёды хадзіла на аўтобус. Потым мы сустрэліся на танцах. Так і пазнаёміліся — на Сёмуху 1973 года. Пажаніліся маментальна — на князя Уладзіміра, праз некалькі месяцаў.
Мы з матушкай разам 49-ты год. Як можна пражыць побач адзін з адным так доўга? Чалавек павінен адчуваць адказнасць. Ты можаш пяць разоў жаніцца, развадзіцца, кахання шукаць, а пад канец застанешся адзін.
І яшчэ адна парада: у любым выпадку падключай мазгі. Звязаўся з чалавекам — нясі адказнасць за тое, што у цябе ёсць. Ты стварыў сям’ю, ты адказваеш за іншага чалавека, у цябе дзеці ёсць. Які ты пакажаш прыклад дзецям, калі будеш рабіць не тое, што трэба? Стварыў сям’ю — думай як жыць. Я і маладым часта кажу: у сямейным жыцці не адну асалоду і задавальненне чэрпай, але памятай, як кажа Царква: сямейнае жыццё — гэта подзвіг.
Вяселле. Злева маці айца Міхаіла
Можа я разважаю не сучасна, але, як кажуць, так павінна быць. Усё роўна ў канцы ты атрымаеш тое, что рабіў. І сынам у свой час я сказаў: не думаеш з чалавекам звязвацца — не лезь і не падавай яму ніякай надзеі. Я чалавек адсталы, але я так думаю.
Зараз часта асуджаюць Дамастрой, але там ёсць правільныя рэчы. Напрыклад: выхоўвай сваіх дзяцей так, каб з імі ў свой час хацелі звязаць свой лёс.
Вось гэта я стараўся данесці сваім сынам. Хаця мы іх спецыяльна не выхоўвалі. Лепей сказаць, што мы ўсе разам шмат працавалі. Хаця я быў настаўнікам, мы заўсёды трымалі агарод, які трэба было апрацоўваць. Хлопцы дапамагалі і з агароднінай, і з жывёлай. Мы нават не прасілі, яны самі.
З сынамі айцом Аляксандрам і айцом Іаанам
Святарства
Тую малітву «Отча наш», якую я вывучыў у маленстве, я кожны дзень чытаў хоць раз, увечары: і ў студэнтскія часы, і служачы, і працуючы. Калі да мяне трапіла духоўная літаратура, я пачаў маліцца як належыць. Я б можа і раней стаў свяшчэннікам, каб былі кнігі, каб я ведаў...
У 1988 годзе нам у Новы Двор далі ксяндза. Ён быў сучасны, малады, акуратны, скончыў кансерваторыю. Вучыўся, дарэчы, з нашымі святарамі Аляксандрам Шашковым і Андрэем Бандарэнка на адным курсе. Ксёндз пачаў прыходзіць да нас у школу, мы пазнаёміліся. Я стаў хадзіць да яго на службу, таму што бліжэйшая царква была за 10 кіламетраў ад нас. Хадзіў паслухаць службу, Свяшчэннае Пісанне. Потым ксёндз пачаў даваць мне літаратуру, я прачытаў амаль усяго Аляксандра Меня.
Айцец Міхаіл вянчае сваіх вучняў у Нарашанскай царкве
А ў 1990 годзе я павёз дзяцей на алімпіяду ў Шчучын. Потым мы зайшлі з сынам Аляксандрам у царкву. Там служыў айцец Пётр Каліноўскі. У другую нядзелю я ізноў прывёз дзяцей і, пакуль яны былі занятыя, зноў зайшоў у царкву. Айцец Пётр падышоў да мяне і спытаў: «А з кім гэта вы былі на службе на мінулым тыдні? Гэта ваш брат ці хто?» Я кажу: «Сын, ён заканчвае школу». «А куды плануеце адпраўляць яго вучыцца?» — пытае ён. Я кажу: «Аляксандр заняў трэцяе месца на абласной алімпіядзе па матэматыцы, удзельнічаў у рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі і заняў другое месца, заканчвае фізіка-матэматычную школу пры універсітэце. Так што рушым у гэтым кірунку». А айцец Пётр кажа: «А можа вы ў семінарыю хацелі б яго аддаць?» Я не ведаю, што адказаць. «А можа самі хацелі б стаць свяшчэннікам?» — працягвае ён. Я кажу: «Мне саракавы год, я ўжо стары і камуніст упрыдачу». Але задумаўся.
Наступным разам мы прыехалі з Аляксандрам у Шчучын спецыяльна на службу. Айцец Пётр убачыў нас, завёў у алтар, і ўсе ўніверсітэты ў Аляксандра сышлі на задні план: ён вырашыў паступаць у семінарыю. А мне айцец Пётр даў часаслоў, я навучыўся чытаць па-царкоўнаславянску і ў канцы чэрвеня пачаў чытать часы на клірасе.
У актавай зале Пакроўскага сабора
У наступны год, 18 красавіка, мы прыехалі да мітрапаліта. Я сказаў, што хачу быць свяшчэннікам. Мітрапаліт Філарэт спытаў, дзе я працую. Я адказаў, што ў школе. «А ці будзе кім замяніць вас?» Я кажу: «Рады будуць, калі я пайду, таму што ў акрузе закрываюцца школы, і настаўнікам няма дзе падзецца». На тым і вырашылі.
Школьны год скончыўся, я здаў усе справы, і 31 ліпеня мы паехалі з айцом Пятром у Мінск. Яшчэ раз пагаварылі з мітрапалітам, ён кажа: «Я магу цябе хоть зараз у свяшчэннікі рукапалажыць». Спытаў, дзе я буду служыць. Я назваў дзве пустыя цэрквы: у Нарашах і Берштах. Мітрапаліт сказаў: «Каб ты не выглядаў недарэчна перад людзьмі, пабудзь пакуль настаўнікам нядзельнай школы, а пасля рукапаложым цябе». І з 1 жніўня я стаў працаваць настаўнікам, потым мяне назначылі псаломшчыкам.
У верасні я прынёс дакументы на хіратонію. Мне сказалі: «Чакайце». Я доўга чакаў, неаднойчы тэлефанаваў. У чарговы раз пазваніў на Калядах, а мне кажуць: «Прыязжайце, у нядзелю будзе ваша хіратонія». Гэта ж праз пару дзён, а падраснік не пашыты! Мы ўсё рабілі вельмі хутка, але паспелі.
9 лютага 1992 года ў кафедральным саборы Мінска адбылася мая дыяканская хіратонія. Яна была вельмі эмацыянальнай. Калі я стаяў на службе, і заспявалі трапар Мінскай іконе Божай Маці «На водах Свислочи явилася еси», я так ясна ўявіў сабе гэты цуд Божы, што ў мяне слёзы пацяклі. І потым, як павялі ўжо вакол прыстола, як паставілі на калені, я не мог устаць, мяне падымалі...
Хутка мяне рукапалажылі ў свяшчэннікі, і чатыры гады я служыў у Нарашах, Берштах і Астрыне. Потым я папрасіў, каб у меня частку прыходаў забралі, бо я быў не ў сілах спраўляцца ўсюды. Пачнецца, напрыклад, Страсная Седміца, і я ўва ўсіх гэтых цэрквах чытаю Страсныя Евангелля, потым выношу Плашчаніцу, потым трэба на ўсіх прыходах справіць пасхальную службу... Таму частку нагрузкі з мяне знялі.
Айцец Міхаіл прымае каталікоў, удзельнікаў хрэснага ходу з Польшчы у Вострую браму, Новы Двор
У 1996 годзе ўладыка Арцемій назначыў мяне шчучынскім благачынным. Мы служылі саборныя службы, чыталі акафісты. Кожны месяц два благачыння — шчучынскае і мастоўскае — збіраліся разам. Мне радасна, што людзі паглядзелі службу Божую — як яна павінна спраўляцца.
Дарэчы, ад нас, менавіта са Шчучына, пайшоў і фестываль духоўных спеваў «Каложскі благавест». Справа ў тым, што я да гэтага з’ездзіў на фестываль духоўных спеваў у польскую Гайнаўку, натхніўся і вырашыў: нада і ў нас зрабіць нешта падобнае. І вось, з шчучынскага гэтае мерапрыемства стала міжнародным.
У Шчучыне я праслужыў пятнаццаць год, і гэта быў добры час. Мы актыўна ўключаліся ў жыццё горада: служылі малебен на 1 верасня, к нам у царкву прыходзілі выпускнікі, нам давалі слова на гарадскіх святах. Памятаю смешны момант. Улады запрасілі нас на ўрачыстасць, прысвечаную Дню Перамогі. Якраз ішоў Светлы тыдзень. Думаю: «Ну, устроім мы вам свята». Сабраў сваіх музыкантаў, і мы хрэсным ходам з царквы з канонам «Воскресения день» прыйшлі на мітынг. Нам далі слова, а мы сказалі, што адслужым падзячны малебен за атрыманне перамогі над ворагамі. Уявіце карціну: мы спяваем вялікі пракімен, чытаем парэміі, не спяшаемся. Нам робяць знакі: «Канчайце!» А я ў адказ ківаю: скончым, не турбуйцеся. Нарэшче завяршылі. Я павіншаваў усіх са святам, і мы хрэсным ходам пайшлі назад. Потым інспектар нам гэта ўспамінала: «Во Велісейчык нам свята ўстроіў!» Больш нас не запрашалі.
Цяпер я служу ў Гродна і ўжо не настаяцель. Але мяне гэта не турбуе: я ўмею падпарадкоўвацца, і начальнікам у сваім жыцці я быў меньш, чым падначаленым.
На вянчанні ўнука
Паломніцтвы
Вандраваць я пачаў дзякуючы ўладыку Арцемію. Ён расказаў нам пра месцы, дзе бываў сам, расказаў пра Пскоўскія Пячоры. Гэта вельмі натхняла.
Адной з маіх першых паездак было падарожжа ў Гайнаўку ў 1999 годзе, пра якое я ўжо згадваў. Пасля афіцыйнай часткі палякі тады зладзілі агніска — па-нашаму касцёр, — дзе збіраліся калектывы, якія выступалі. Мяне вельмі ўразіла, як умее адпачываць іх моладзь. І хацелася самыя лепшыя ідэі з тых паездак прывезці дадому, у сваю царкву.
У 2000 годзе я з’ездзіў на багамолле на дзень памяці мучаніка Гаўрыіла Беластоцкага, арганізаваў туды першае паломніцтва. Гэта паездка аказала на мяне таксама вялікае ўражанне, я нават напісаў пра яе артыкул.
Паломніцтва ў Пачаеў
А потым было вялікае арганізаванае паломніцтва ў Пячоры Пскоўскія, Пачаеў, Троіца-Сергіеву лаўру, Опціну, Валаам… Жадаючых было столькі, што мы часта двумя аўтобусамі ездзілі, а манахі ў манастырах не ведалі, куды нас размясціць.
Маім улюблёным месцам стаў Пачаеў, я там адпачываю душой. А пачалася гэта любоў са Шчучына. Там мы служылі малебен да Прасвятой Багародзіцы, і заўседы спявалася мая любімая катавасія «Под святой Твоей иконой, Владычице, молящиеся исцелений сподобляются». Я знайшоў, што гэта, аказваецца, трапар да Пачаеўскай іконы Багародзіцы. Яго распеў у выкананні шчучынскага хора кранаў за душу, і мне так хацелася папасці да гэтай Пачаеўскай іконы! Жаданне маё споўнілася, і ўжо многа разоў я бываў у гэтым святым месцы. З Пачаева я прывёз у Шчучын Пачаеўскую ікону, і кожную трэцюю нядзелю месяца, мы, як у тым манастыры, апускалі яе пасля малебну і спявалі «Непроходимая Врата, тайно запечатствованная, Благословенная Богородице Дево...»
За годы майго святарства я вазіў паломнікаў безліч разоў. Вядома, мне і самому хацелася ездзіць, інакш не арганізоўваў бы. Гэта асаблівы вопыт. Вось сеў ты ў транспарт — і ўсе клопаты забыліся. Ты ўжо ў паломніцтве.
Паломніцтва па святынях Масквы і Маскоўскай вобласці
«У Царкву трэба ісці служыць, калі чалавек ужо ведае жыццё», — упэўнены айцец Міхаіл. Гаворыць са свайго вопыту, а значыць, нічога не перабольшвае. Вялікай памылкай ён лічыць спробу дагадзіць людзям, калі гэта ідзе на шкоду Царкве, праўдзе, парадку.
Рабі не тое, што хочаш, а тое, што трэба — вось своеасаблівы дэвіз гэтага чалавека. Гэтаму навучыла айца Міхаіла жыццё, гэта ён стараўся данесці да сваіх вучняў, да сваіх дзяцей, гэтаму ён зараз вучыць з салеі. Вучыць не як той, хто патрабуе парадку дзеля парадку, а як той, хто першы выканаў гэты запавет.
Святлана ПАЎЛЮКЕВІЧ