Свята ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы “Хуткапаслушніца” адзначылі ў Шчучыне
Па запісах, якія захаваліся ў нешматлікіх старажытных дакументах, вядома, што з самога моманту асвячэння шчучынскага храма Архангела Міхаіла (1865 г.) у царкве знаходзіцца вобраз Прасвятой Багародзіцы “Хуткапаслушніца”. 22 лістапада вернікі адзначылі свята ў гонар шанаванай іконы.
Святочную Літургію ўзначаліў благачынны Шчучынскай царкоўнай акругі іерэй Аляксандр Пасцярняк у саслужэнні благачыннага Воранаўскай царкоўнай акругі іерэя Ігара Валошына і ўсіх святароў абодвух раёнаў.
Са словам пропаведзі да вернікаў звярнуўся настаяцель храма Праабражэння Гасподня гарадскога пасёлка Астрына протаіерэй Аляксій Талмазан. Падчас пранікнёнай прамовы святар не толькі нагадаў гісторыю з’яўлення вобраза, але і акрэсліў духоўны сэнс ушанавання Прасвятой Багародзіцы дзеля спасення душы.
Пасля завяршэння малебна з хрэсным ходам да ўсіх прыхаджан і святароў са словамі падзякі звярнуўся благачынны акругі іерэй Аляксандр Пасцярняк.
Напярэдадні, у нядзелю 21 лістапада, усе праваслаўныя гараджане Шчучына малітоўна адзначылі храмавае свята ў гонар Архангела Міхаіла.