Факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” абмеркавалі ў Шчучыне
23 верасня ў канферэнц-зале Палаца творчасці дзяцей і моладзі горада Шчучына адбылося пасяджэнне за “круглым сталом”, на якім педагогі, святары, прадстаўнікі раённай улады абмяркоўвалі вельмі важную тэму — як выхаваць маладое пакаленне духоўна багатым, у любові да свайго народаі імкненні рабіць дабро.
Як вядома, у школах Беларусі ўведзены факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Іх па жаданні будуць наведваць вучні пятых-шостых класаў.
Сваімі думкамі падчас пасяджэння “круглага стала” падзяліліся намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта, кіраўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Павел Тарчынскі, яго намеснік Жанна Мецько, святар Сергій Сямашка, які мае вялікі вопыт супрацоўніцтва з педагогамі гімназіі горада Шчучына. Увогуле была магчымасць выказацца ўсім жадаючым.
У знак узаемаразумення і далейшага супрацоўніцтва благачынны Шчучынскай акругі Гродзенскай епархіі іерэй Аляксандр Пасцерняк перадаў у падарунак Паўлу Тарчынскаму ікону. Напрыканцы сустрэчы, якая атрымалася надзвычай цёплай і шчырай, усе ўдзельнікі “круглага стала” з задавальненнем наведалі музей гісторыі Шчучыншчыны.
Крыніца: Дзянніца