Вернікі са Шчучына ў Жыровічах
20 мая 2021 года прыхаджане храма Святога Архангела Міхаіла горада Шчучына наведалі Свята- Успенскі Жыровіцкі манастыр.
Паломніцтвы дзеля ўшанавання Жыровіцкага вобраза Прасвятой Багародзіцы з даўніх вякоў сталі адметнай рысай праваслаўных вернікаў на землях нашай краіны. Не стаў выключэннем і бягучы год. Па благаславенню благачыннага Шчучынскага вокруга святара Аляксандра Пасцярняка на золку чацвярга трэцяга тыдня пасля Пасхі, стварыўшы малебен у храме, прыхаджане накіраваліся да знакамітай святыні.
Богаслужэнне позняй Літургіі ўзначаліў Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Высокапраасвяшчэнны Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі. Звычайны для свята малебен з Хрэсным ходам ад Успенскага сабора да Яўленскай царквы завершыўся спевам акафіста да Жыровіцкага вобраза Багародзіцы.
Адведаўшы духмянага манастырскага хлеба, паломнікі накіраваліся, звыклым шляхам, да ўлюблёнай крынічкі.
Цудоўнае сонечнае надвор’е і агульная малітва пакінулі ў душах усіх вернікаў сапраўдны святочны свет радасці і адчування блізкага да Зямлі Неба.
Святар Сергій СЯМАШКА,
клірык храма Святога Архангела Міхаіла горада Шчучына
Фота Наталлі СЯМАШКА