У Шчучыне прыгожа і годна адзначылі Дзень праваслаўнай кнігі
Сапраўды цудоўнае і надзвычай пазнавальнае мерапрыемства, прысвечанае Дню праваслаўнай кнігі, адбылося сёння ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі.
На ўрачыстасць у Шчучын прыехалі святары, навукоўцы, творчыя людзі, прыйшлі гімназісты і настаўнікі, сябры ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” імя Аляксандра Неўскага, актывісты грамадскіх арганізацый і, безумоўна, адданыя чытачы. Свята праваслаўнай кнігі распачалося з агульнай малітвы. А потым прысутных віталі благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. У сваіх прамовах яны адзначылі вялікую ролю кнігі ў духоўным і інтэлектуальным выхаванні кожнага з нас.
- Ад таго, якую літаратуру чытае моладзь, залежаць яе ідэалы, а значыць, і наша будучае, - слушна заўважыла вядучая мерапрыемства Ірына Гудач, якая абвясціла каляндар выдатных юбілейных дат, сярод якіх - 800-годдзе Аляксандра Неўскага.
З рэфератам “Вобраз Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага ў іканапісу і жывапісе” выступіў гімназіст Яўген Тарасевіч, навуковым кіраўніком якога з’яўляецца настаўніца гісторыі Алена Лісоўская. А інструктар ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” Павел Найда распавёў аб тым, як у 2007 годзе нарадзілася ідэя стварыць пры царкве такі клуб для духоўнага выхавання падлеткаў, якія выдатныя хлопцы і дзяўчаты тут займаюцца. Змяняюцца пакаленні выхаванцаў “Дружыны”, але нязменнымі застаюцца праваслаўныя і патрыятычныя традыцыі.
З навуковым дакладам, прысвечаным 440-годдзю выдання Астрожскай Бібліі і 495-годдзю князя Канстанціна Астрожскага, які ўнёс вялікі ўклад у духоўную спадчыну беларусаў, выступіў протаіерэй Уладзімір Барысевіч -- загадчык сектара прыходскіх бібліятэк аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі. Надзвычай цікавай была і лекцыя кандыдата гістарычных навук, дацэнта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я. Купалы Аляксандра Горнага. Ён захапляюча распавёў аб праваслаўным кнігадрукаванні і духоўнай літаратуры ў перыяд Рэчы Паспалітай.
Сваімі чыстымі высокімі галасамі і ўнікальнай творчасцю парадаваў слухачоў народны ансамбль духоўных спеваў “Преображение” на чале з Аленай Руткевіч. Імпрэзу ўпрыгожылі і вершы беларускіх паэтаў, якія па-майстэрску чыталі прадстаўнікі маладога пакалення. Слайды, відэакадры з фільмаў, выстава рэдкіх кніг – усё гэта выклікала шмат станоўчых эмоцый, дапаўняла веды, яшчэ раз нагадвала: “Кніга – гэта вялікі дар Бога чалавеку, поўны сэнсу і ісціны”.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ
Фота аўтара