Прастольнае свята храма ў гонар Мацi Божай дзеля іконы Яе "Усіх тужлівых Радасць" горада Масты
6 лістапада 2019 года паводле новага стылю Царква ўшаноўвае Маці Божую дзеля іконы Яе «Усіх тужлівых Радасць». У гэты дзень адзін з храмаў г. Масты адзначае прастольнае свята.
З гэтай нагоды Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій узначаліў служэнне Боскай літургіі ў гэтым храме. Яму саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, благачынны Мастоўскай акругі і настаяцель храма протаіерэй Уладзімір Саверчанка і духавенства благачыння.
Па заканчэнні літургіі быў ажыццёўлены Хрэсны ход вакол храма і слаўленне ў гонар Маці Божай каля іконы Яе «Усіх тужлівых Радасць».
У часе пропаведзі Уладыка адзначыў, што значная частка двунадзясятых святаў прысвечана Маці Божай, нібы падкрэсліааючы Яе святасць і важнасць Яе святой Постаці ў справе збавення чалавецтва ад вечнай смерці. Але акрамя іх Маці Божая на працягу года ўшаноўваецца яшчэ не раз. Яна ўшаноўваецца ў дні, калі адзначаюцца святы дзеля Яе ікон. Назвы іконы Маці Божай нярэдка атрымліваюць па тых мясцінах, дзе Ёю былі яўлены цуды.
Але часта іконы Дзевы Марыі называюцца па тых міласцях, што Яна аказала людскому роду. І менавіта адна з такіх ікон носіць назву «Усіх тужлівых Радасць», бо Яна ратуе нас ад гора, тугі і вечнай смерці і дорыць духоўную радасць. Таму ў гэты дзень Уладыка заклікаў маліцца Маці Божай, каб Яна ўратавала нас ад вечнай смерці, маліцца за Беларусь, каб не напаткалі яе ліхія часы ваяўнічага атэізму, каб Маці Божая не пакінула нас без Сваёй апекі.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч
Фота: Iгар ВАТКЕВIЧ