Урачыстае саборнае богаслужэнне Шчучынскага благачыння адбылося ў в. Дзембрава
19 кастрычніка, у дзень памяці святога апостала Фамы, адбылося ўрачыстае богаслужэнне Шчучынскага благачыння ў храме ў гонар cвятого апостала і евангеліста Іаанна Багаслова вёскі Дзембрава Шчучынскага раёна.
Узначаліў саборную малітву благачынны Шчучынскай акругі іярэй Аляксандр Пасцярняк у саслужэнні святароў благачыння. Для мясцовых прыхаджан ужо стала традыцыяй адзначаць святкаванне ў гонар нябеснага апекуна свайго храма з такім прадстаўнічым саставам гасцей.
- Ў бягучым годзе мы сустрэлі свой фэст 9 кастрычніка сціпла і проста, завяршаўся знешні рамонт царквы. Менавіта з гэтай нагоды і мусілі перанесці саборную малітву на некалькі дзён пазней, сімвалічна звязаўшы яе з днём услаўлення іншага апостала з ліку 12- святога Фамы, тут есць свой сэнс!, - гаворыць настаяцель храма протаіярэй Анатолій Казакевіч.
Ёсць сэнс і кожнаму верніку клапаціцца аб стане дома Божага. Цудоўны, не звычайны для вёскі сваёй прыгажосцю храм у Дзембраве прыцягвае ўвагу кожнага вандроўніка.
- Пад’язжаючы да царквы, я, мімаволі, злавіў сябе на думцы дастаць тэлефон і зрабіць фото вашай святыні,- шчыра прызнаўся прыхаджанам айцец благачынны.- Малайцы, добра папрацавалі! Таму і самыя сціплыя словы падзякі выказваю ўсім Вам, разам з настаяцелем, за тое, што заўжды ў цудоўным выглядзе ўласнымі ахвярамі падтрымліваеце такую прыгажосць і ўтульнасць!
З гэтым нельга не пагадзіцца. Ну, а самай галоўнай падзеяй свята стала Літургія, пад час якой шматлікія з вернікаў маглі пабыць у Таямніцы Споведзі і прыняць Святыя Дары Цела і Крыві Збавіцеля і Госпада нашага Іісуса Хрыста.
Адменнай рысай дзембраўскай урачыстаці стала прысутнасць на богаслужэнні суседзяў і братоў па веры. Ксёндз-пробашч касцёла Святой Тарэзы Авільскай г. Шчучына айцец Вітальд Пяцельчыць і айцец Ян Рэйшаль, ксёндз-пробашч касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыіі г.п. Жалудок, па-добрасуседскаму, прыехалі павіншаваць настаяцеля і прыхаджан в. Дзембрава са святам.
Шчыра верым, што агульную нашу малітву аб збавенні душы і ўмацаванні міра бачыць і чуе Гасподзь! Просім Яго Літасці захаваць нашы сем’і і Бацькаўшчыну!
святар Сергій Сямашка,
клірык храма Святога Архангела Міхаіла г. Шчучына
Фота аўтара