Архiепiскап Арцемiй прыняў удзел у цырымоніi адкрыцця Дня беларускага пісьменства
“Квітней, Беларусь, наша родная!” - пад такім дэвізам прайшла ў Шчучыне цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства. Урачыстае адкрыццё свята ў 22-ой літаратурнай сталіцы стала маштабным і яркім дзействам.
На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы сабралася мноства гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Прысутныя прывіталі на свяце дзяржаўных дзеячаў, дыпламатаў, пісьменнікаў, журналістаў. У Шчучын прыехала шмат гасцей з іншых краін - Расіі і Украіны, Казахстана і Таджыкістана, Азербайджана і Арменіі, Літвы і Малдовы, Сербіі і Чарнагорыі, Босніі і Герцагавіны, а таксама Злучаных Штатаў Амерыкі.
Пад гукі фанфараў і песні Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча “плылі” да сцэны 22 харугві з гербамі гарадоў Беларусі, у якіх у мінулыя гадах праходзіла свята беларускага пісьменства. У ролі вядучых выступілі Алена Спірыдовіч і Яўген Лашкоўскi.
І вось ён - урачысты момант адкрыцця свята. На сцэне - намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Іванавіч Бузоўскі, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Іванавіч Русы, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Васільевіч Краўцоў, старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Ложэчнік і архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.
Ігар Іванавіч Бузоўскі зачытаў удзельнікам свята прывітальнае слова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі.
З прывітальным словам звярнуўся да прысутных архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.
- Культура чалавека - гэта не проста аб’ём ведаў, гэта веды, апрабаваныя жыццём, перш за ўсё духоўным. Першая кніга, якая была выдана ў Беларусі, – Біблія. Там ёсць добрыя словы: “Быў час раскідваць каменне і час збіраць”. У нашай гісторыі было шмат ступеняў, цяпер наступіў час адраджэння нашай духоўнасці, самастойнасці і незалежнасці. Хочацца пажадаць, каб ніякія хмары не перашкаджалі гэтаму. Са святам усіх! Благасловення вам Божага!
Таццяна ПАЛУБЯТКА
Фота аўтара