Главная » Новости » 2014 » 07 » Прастольнае свята ў Лунна

Прастольнае свята ў Лунна

7 лiпеня 2014 года. Прастольнае свята ў Лунна7 ліпеня 2014 года, або 24 чэрвеня паводле старога стылю, у дзень Ражджаства Святога Прарока, Прадцечы (Папярэдніка) і Хрысціцеля Гасподня Іаана, Луненская парафія адзначала прастольнае свята. З гэтай нагоды адбылося ўрачыстае служэнне Бажэственнай Літургіі, што ўзначаліў протаіерэй Анатолій Ненартовіч, сакратар Гродзенскай епархіі, у саслужэнні настаяцеля храма іерэя Аляксандра Свістуна. Падчас сваіх казанняў айцец Анатолій звярнуў увагу на важнасць для ўсіх пабожных хрысціянаў той вялікай падзеі, што адзначаем мы ў гэты дзень. Пасля набажэнства адбыўся Хрэсны ход. На свята прыбылі жыхары не толькі мястэчка, але і вёсак, што адносяцца да Луненскай парафіі: Машталераў, Стральцоў, Няцечаў, Жылічаў, Хамічоў, Камянчанаў, Мінявічаў, Мяшэтнікаў ды інш. На гэта парафіяльнае свята ў местачковы храм з`язджаюцца і дзеці старых жыхароў гэтых вёсак. Спачатку ўсе моляцца на Бажэственнай Літургіі, многія спавядаюцца і прычашчаюцца.

Пасля ўсе ў сваіх вясковых хатах маюць урачыстую бяседу ў гонар свята са смачнымі пірагамі, што спяклі сталыя ўзростам, але маладыя душою пані-гападыні. Перад брамаю, што вядзе на цвінтар, дзве местачковыя пані наладзілі продаж, магчыма, даўно забытых у іншых мясцовасцях, але яшчэ шырока вядомых у нашай мясціне, ласункаў, зробленых з цукру ў выглядзе пеўнікаў, грыбочкаў, кветачак.

Храм перажыў істотную рэстаўрацыю. Сіламі і намаганнямі айца настаяцеля, матушкі, старасты, іканапісцаў Павел Драгой і Ірына Хіхнал, безумоўна, з Божай дапамогай былі адноўлены многія абразы, намаляваны фрэскі, памыты і нанова пафарбаваны сцены. Падлога ў храме была ўпрыгожана лісцем аера, а перад абразамі і на салеі стаялі сціплыя, але з густам букеты, аформленыя кветкамі з гародчыкаў ці кветнікоў местачковых пань.

Дзесьці адзначаюць Купалле. Для нашых жа людзей, дзякуй Богу, свята – Святы Ян. У нас так і кажуць: “На Яна, пасля Яна”. Як добра ўсведамляць тое, што блізкія па духу і па зямлі людзі ўшаноўваюць слаўную падзею Нараджэння таго, хто ёсць Хрыстовым Прадцечам. Значыць, людзі здольны ўсвядоміць, дзеля якой вялікай мэты прыйшоў на зямлю Хрыстос, Бажэственнае Слова, што ўцялеснілася праз Дзеву Марыю. А калі ёсць такое разуменне ў звычайных людзей, значыць, ёсць надзея, што ўсведамленне гэтай ісціны стане даступным і многім іншым людзям.

Дзмiтрый ДАЎГАПОЛIК

7 лiпеня 2014 года. Прастольнае свята ў Лунна
7 лiпеня 2014 года. Прастольнае свята ў Лунна
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut