Святары наведалі школу №38 г.Гродна
19 лістапада 2013г. святары царквы ў гонар Усіх Беларускіх Святых г.Гродна Ілья Гапановіч і Зьміцер Ляўчук наведалі школу 38 г.Гродна і дапамаглі дзецям асэнсаваць такую тэму па беларускай літаратуры як “Біблія – вечная і дзівосная кніга”. Старажытная беларуская літаратура як частка культурнай спадчыны нашага народа ўсё яшчэ чакае свайго глыбокага даследавання. У сувязі з падзеямі мінулага стагоддзя сістэматычная праца над тэалагічнаю спадчынаю нашай літаратуры не вялася. Пачатак перыяду рэлігійнага адраджэння ў нашай краіне напрыканцы XX ст. таксама амаль не закрануў гэтай галіны навукі, а між тым варта звярнуць увагу на тое «забытае».
Вывучэнне такой тэмы у школьнай праграме дазваляе дзецям больш грунтоўна азнаёміцца і вызначыць ролю і ўплывы Бібліі ў фармаванні, развіцці і станаўленні беларускай культуры, пазнаць многія культурна-гістарычныя працэсы, грунтоўней пазнаць змест шматлікіх твораў выяўленчага мастацтва, літаратуры, архетэктуры, народнай культуры. Галоўная мэта – зацікавіць дзяцей гэтай дзівосная кнігай.
Былі разгледжаны наспутныя пытанні.
Біблія – Святая Кніга
Біблія – збор кніг, якія напісаныя з натхнення і адкрыцця Святога Духа праз абраных ад Бога людзей: прарокаў і апосталаў (Боганатхнёнасць). Біблія з’яўляецца найбольш вядомай, папулярнай і чытабельнай святой кнігай.
З гісторыі Бібліі
Кнігі Старога Запавету ствараліся на працягу тысячагоддзяў: ад ХІV-ХІІІ стст. да Н.Хр. па ІІІ-ІІ стст. ад Н.Хр. Кнігі Новага Запавету запісваліся ад сярэдзіны І ст. ад Н.Хр. і канчаткова аформіліся ў канцы ІІ ст. ад Н.Хр. Над Бібліяй працавалі больш чым сорак аўтараў розных пакаленняў і эпох, розных грамадскіх слаёў: цары, філосафы, сяляне, рыбакі, паэты, дзяржаўныя дзеячы, вучоныя. Гісторыя не ведае другога такога літаратурнага помніка, які б ствараўся на працягу 16 стагоддзяў.
Структура Бібліі
Біблія складаецца з дзвюх частак: Старога Запавету і Новага Запавету. Стары Запавет – святыя кнігі іудзейскай і хрысціянскай веры; уключае 50 кніг, з іх 39 кананічныя – напісаны на старагабрэйскай мове, складаюць для іудаістаў усю Біблію (ТаНаХ), выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе і 11 некананічных, якія напісаныя на старагрэцкай мове, прызнаныя хрысціянскай Царквой карыснымі для духоўнага выхавання, але ігнаруюцца паслядоўнікамі іудаізму і пратэстантамі.
Час і месца дзеяння ў Бібліі
Першыя 11 раздзелаў Кнігі Родаў прысвечаныя пачатку стварэння свету і гісторыі чалавецтва. Далейшая гісторыя ў кнігах Суддзяў, Царстваў, Ездры, Няміі, Эсфір – паўтарытысячагадовая драма абранага народу за выжыванне – праходзіць на тэрыторыі ўсходняга Міжземнамор’я, захоплівае часткі Егіпта на поўдні і Персіі (суч. Іран) на ўсходзе. Падзеі Новага Запавету пашыраюць біблейскую геаграфію (Грэцыя, Італія) у сувязі з распаўсюджваннем новага Вучэння апосталамі як сярод сваёй дыяспары, так і сярод іншых народаў на тэрыторыі Рымскай імперыі І ст. ад Н.Хр.
Мова і пераклады Бібліі
Кананічныя тэксты Старога Запавета напісаныя старажытна-габрэйскай і часткова арамейскай мовамі. Некананічныя – на старажытна-грэцкай мове (Кнігі
Тавіт і Юдзіф, на думку некаторых даследчыкаў, першапачаткова пісаліся на халдзейскай, г.зн. на арамейскай мове). Новы Запавет напісаны на так званай александрыйскай гаворцы старажытна-грэцкай мовы. Выключэннем з’яўляецца Евангелле паводле Матфея, якое адпавядае сірыйска-халдзейскай гаворцы старажытна-габрэйскай мовы.
Рэлігійнае і культурнае значэнне Бібліі
У Бібліі мараль падаецца дзвюма сістэмамі: старазапаветнай і новазапаветнай, якія ўзаемазвязаныя між сабой. У першай закладзены агульначалавечыя маральныя пачаткі, якія выкладзены ў дэкалогу (дзесяціслоў). Ісус Хрыстос даводзіў сваім паслядоўнікам патрэбу іх выканання: «Калі ж хочаш увайсці ў жыццё вечнае, трымайся запаветаў... не забівай, не чыні пералюбу, ня крадзь, ня сьведчы лжыва, шануй бацьку і маці, любі блізкага твайго як самога сябе» (Мацьв. 19: 17-19). У Новым Запавеце, асабліва ў Нагорным казанні, выкладзены хрысціянскія маральныя каштоўнасці, галоўны прынцып якіх – любоў. Хрысціянская мараль у параўнанні з старазапаветнай больш дасканалая, глыбей раскрывае сутнасць «бліжняга» (без расавай і нацыянальнай розніцы і яго паходжання).
Иерей Дмитрий ЛЕВЧУК