“Чорная рэчка”: іерэйская проза айца Паўла Каспяровіча
У святара Пакроўскага сабора г.Гродна айца Паўла Каспяровіча выйшаў першы зборнік апавяданняў. Мы павіншавалі маладога 45-гадовага літаратара і задалі яму некалькі пытанняў наконт кнігі, у якой ёсць месца і Богу, і болю, і ўдзячнасці свайму юнацтву.
У гэтым годзе ў Гародні выйшла пяць кніг: зборнік вершаў і прозы Дануты Бічэль “Азерца, поўнае слёз”; кніга, прысвечаная творчасці гарадзенскага паэта Лейба Найдуса; кніга паэзіі Анатоля Брусевіча “Крылы”, кніга Алы Петрушкевіч “Антанёва” і зборнік апавяданняў айца Паўла Каспяровіча “Чорная рэчка”. Важна і прыемна, што Царква, праз творчасць святара, удзельнічае у літаратурным жыцці нашага горада.
- Айцец Павел, як у вас, паэта, нарадзіўся зборнік апавяданняў?
- Для мяне гэта таксама было нечаканасцю: я заўсёды пісаў толькі вершы і думаў, што паэтам і застануся. Але на адну з вечарын фестывалю “Каложскі дабравест” прыехала Людміла Іванаўна Рублеўская, наша вядомая беларуская пісьменніца, лаурэат Нацыянальнай прэміі Беларусі, і ў нас з ёю завязалася размова. Я расказаў пра сваё дэбютнае апавяданне “Чорная рэчка”. Людміла Іванаўна зацікавілася, прачытала яго, пакінула некаторыя заўвагі і сказала: “У Вас добра атрымліваецца, пішыце далей”. У мяне было натхненне, і, апавяданне за апавяданнем, я напісаў зборнік за два гады.
Пісаў на вуліцы з каляскай, у перапынках паміж службамі, калі ехаў у аўтобусе, калі ноччу варочалася і не спала дзіця. На тэлефоне, ноутбуке, у сшытку. У літаратуры ёсць такое паняцце, як лейтэнанцкая проза. Франтавікі – Быкаў, Бакланаў, Бондараў - пасля вайны пачалі пісаць пра падзеі мінулых баёў. А ў мяне атрымалася “ іерэйская” проза - на бягу паміж сваімі святарскімі заняткамі і шматдзетнасцю.
- А чаму вы вырашылі назваць кнігу “Чорная рэчка”?
- Першапачаткова я хацеў пакінуць назву “Соль”, гэта адно з апавяданняў у зборніку. Але ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў мне параілі выкарыстаць назвы другіх апавяданняў: “Добры самаранін” ці “Чорная рэчка”. Я падумаў, што калі б на вокладцы красавалася назва “Павел Каспяровіч “Добры самаранін”, гэта было б не надта сціпла (пасміхаецца).
Чорная рэчка – гэта знакавае месца для рускай літаратуры, месца дуэлі Пушкіна. Таму на ўсякі выпадак я вырашыў схавацца за спіну класіка.
- У апавяданні “Соль” расказваецца пра сутнасць служэння святара. А якая “соль” павінна быць у працы пісьменніка?
- Я ў сваёй творчасці імкнуся кіравацца прынцыпамі шчырасці, праўдзівасці і адкрытасці. У гэтым сутнасць літаратуры. Паэзія не можа быць вялай. Што гэта тады за паэзія і хто будзе яе чытаць і слухаць? Гэта тычыцца і прозы. У Ясеніна ёсць такая фраза: “Кровью чувств ласкать чужие души”. Гэта значыць, што чытачу павінна адклікацца прачытанае. Сіла мастацтва – дапамагчы чалавеку прайсці праз жыццевы боль, дапамагчы яму адплакаць, прыняць нейкія абставіны.
- Гэта значыць, ваша кніга для людзей, якія пакутуюць?
- Мая кніга для ўсіх. І, канешне, калі чалавек напоўнены болем ці смуткам, гэтыя апавяданні таксама будуць яму сугучнымі.
- А вы маглі б напісаць гэту кнігу гадоў дзесяць назад, ці вам самому патрэбна было прайсці праз нейкі вопыт?
- Раней я б не напісаў. Як сказаў Валянцін Дубатоўка, наш гарадзенскі пісьменнік: “Бацюшка, калі паэт пачынае пісаць прозу, гэта сведчыць аб тым, што ён вырас, што яму ёсць што сказаць людзям у новай форме”. Мне таксама трэба было дарасці.
- Чаму на вокладцы малюнак анёла? Як вы гэта патлумачыце?
- Я думаю, што евангельскія падзеі ў нашам жыцці паўтараюцца штодзенна. Царква існавала ў часы Хрыста, існуе яна і зараз. Але мы павінны прызнаць, што не ўсе людзі – удзельнікі гэтай Царквы. Вакол нас – пакутны, шумлівы сусвет, дзе ёсць моладзевыя тусоўкі, прытулкі для наркаманаў, аддзяленні наркалогіі, дыскатэкі, цяжкія лёсы, турмы… І як Хрыстос вандраваў па Галілеі, так і цяпер Ён заўседы знаходзіцца побач і кожнае імгненне праходзіць сярод усіх гэтых непрыкаяных людзей. Я спрабаваў сказаць аб гэтым у апавяданні “Добры самаранін”.
Таксама я часта чуў пра трагічныя гісторыі спартсменаў: баксёраў, самбістаў, вольнікаў… Таму і тэму спорту закрануў. Як у Высоцкага: “Такова вся спортивная жизнь: лишь мгновение ты наверху и стремительно падаешь вниз». Усім ім нізкі паклон. У асноўным гэта чыстыя і светлыя людзі.
Разумееце, чалавек можа быць абсалютна нецаркоўным, але, калі ўспомніць словы апостала Паўла, у сумленні гэтых людзей гучыць закон Божы. Наша моладзь - анархісты, панк-рокеры, бунтары - гэта таксама часта добрыя і чыстыя людзі, у сэрцах якіх адбываецца пошук, ваганні, пэўныя разважанні. На кожнага з іх глядзіць Хрыстос, Ён заўседы ідзе насустрач, Ён перажывае, калі чалавек памыляецца, Ён нясе яго на Сваіх руках. Некаторыя людзі гэта адчуваюць. І таму анёл на вокладцы - гэта напамін пра тое, што сілы нябесныя заўседы знаходзяцца побач з намі.
- Ці можна сказаць, што вашы апавяданні накіроўваюць чалавека за суцяшэннем да Бога?
- Спадзяюся, што гэта так. Ёсць цікавая асаблівасць: зборнік вершаў можна прачытаць за вечар, а паэт пісаў яго некалькі гадоў. Ён жыў гэтым болем доўгі час, а ты за вечарок прачытаў, паплакаў, табе стала прасцей жыць. Так і ў маім выпадку. Можа, чалавек пачытае гэтыя гісторыі і паплача, можа, у чымсьці супакоіцца. На гэты вечар вецярок любові прыляціць да яго са старонак кнігі. Для гэтага і існуе ўся наша літаратура.
- Каго больш у вашых апавяданнях: вас альбо вашых знаёмых?
- Там усё пераплецена. Усе сюжэты рэальныя, у іх няма выдумкі, ёсць толькі мастацкае ўпрыгожанне.
- Мне здаецца, што кніга даволі смелая. У ёй ёсць нефармалы, зацюканы гомасэксуаліст і святар, які моліцца за Курта Кабейна. Вы не баіцеся, што вас не ўсе зразумеюць?
- Будзем ісці насустрач сваім страхам (пасміхаецца). Тое, аб чым я напісаў - гэта жыцце, якое вакол нас, і яго не атрымаецца ігнараваць.
А што тычыцца малітвы за Курта Кабейна, я скажу так: мы можам маліцца ўвесь час нашага жыцця, не толькі на службе. Мы можам памінаць нашых куміраў юнацтва, будзь тое пісьменнікі ці музыкі. Калі я яшчэ быў юнаком, айцец Андрэй Бандарэнка заўседы ў Каложы маліўся на паніхідзе “за Мадэста”. І жонка мая гаварыла: “Мусіць, за Мусаргскага моліцца”.
На службе ў саборы часам прысутнічаюць выкладчыкі з філалагічнага факультэта Гарадзенскага ўніверсітэта. Яны прыходзяць сваёй кампаніяй і моляцца за калег, якія ўжо спачылі. І аднойчы, калі паніхіда ўжо завяршылася, мы з імі сваімі словамі дадаткова памаліліся за літаратараў увогуле: за Шэкспіра, Вальтэра Скота, Купера, Хемінгуэя і г.д. Гэта ж наша права – маліцца за ўсіх пісьменнікаў, нягледзячы на тое, якой яны былі канфесіі. Напрыклад, усклікнеш: “Божа, супакой душу Сервантэса!” і на сэрцы робіцца святло. Хто яшчэ за яго памоліцца?
- Ваша кніга – дань удзячнасці юнацтву? У ва многіх апавяданнях гэта адчуваецца.
- Наша юнацтва заўседы ў нашых сэрцах. Я некалькі год ужо заўважаю, што ў мяне прабудзілася пачуццё настальгіі. Колькі ёсць цікавых гісторый пра жыццё літаратурных ці музычных тусовак Піцера, Масквы і Мінска. Трэба зрабіць унёсак і захаваць на лістах і нашу гарадзенскую гісторыю.
Гутарыла Святлана ПАЎЛЮКЕВІЧ