30-годдзе аднаўлення храма свяціцеля Мікалая Цудатворца г. п. Вялікая Бераставіца
8 лютага 2020 года Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій узначаліў служэнне Боскай літургіі ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца г. п. Вялікая Бераставіца з нагоды 30-годдзя аднаўлення храма.
Яму саслужылі сакратар Гродзенскай епархіі мітрафорны протаіерэй Анатолій Ненартовіч, благачынны Бераставіцкай акругі протаіерэй Сергій Шэлест, настаяцель храма протаіерэй Віталій Яроміч і духавенства благачыння.
Сапраўднай пярлінай храма ёсць хор пад упраўленнем рэгента Веры Яроміч, які суправаджаў архіерэйскае набажэнства сваімі пекнымі спевамі. У часе Боскай літургіі быў узнагароджаны настаяцель храма медалём «Каложскай Адзігітрыя» III ступенi. Па заканчэнні літургіі быў адслужаны малебен.
Уладыка Арцемій павіншаваў усіх прысутных з 30-годдзем аднаўлення храма. Традыцыйна Уладыка нагадаў, з якой прычыны храмы зачыняюцца і разбураюцца. Разумеецца, асноўная прычына таго палягае ў духоўнай абыякавасці вернікаў. Таму Уладыка пажадаў усім не забывацца на сваё галоўнае хрысціянскае прызначэнне – быць соллю зямлі, быць святлом міру, тады і храмы будуць дзейнічаць і не зазнаюць ганьбавання.
Сёння на богаслужэнні чыталася Евангелле пра неправеднага суддзю, да якога прыходзіла ўдава і прасіла, каб ён абараніў яе ад несправядлівых патрабаванняў суперніка, але просьбы былі беспаспяховыя. Нарэшце яму надакучылі просьбы ўдавы, і ён выканаў іх толькі для таго, каб яна больш не надакучвала яму. Скончыўшы прытчу, Іісус сказаў: ці чуеце, што сказаў Суддзя няправедны? Калі ён, будучы няправедным, усё-такі абараніў няшчасную ўдаву, то няўжо Гасподзь не абароніць усіх тых, хто прыходзіць да Яго днём і ў начы?
Гасподзь, бывае, не адразу выконвае просьбы, але робіць гэта для таго, каб выпрабаваць веру абраных. Вернік павінен маліцца, цвёрда верыць у магчымасць атрымання прасімага, маліцца па-мытарску змірэнна, і тады Гасподзь, несумненна, выканае просьбы. Гэтаксама змірэнна нам варта маліцца Богу аб выбаўленні нашых душаў з улады грэху. Няхай Міласцівы Гасподзь дапаможа пакласці пачатак нашаму пакаянню і няхай ніколі не замыкаюцца нашы храмы, каб кожны вернік мог спазнаць у іх лучнасць з Богам у Таінстве Еўхарыстыі.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч
Фота: Iгар ВАТКЕВIЧ