Літургія ў царкве Святой Жываначальнай Тройцы вёскi Падароск
Сёння, 15 верасня паводле новага стылю, або 2 верасня паводле старога стылю, у Нядзелю 13-ю па Пяцідзясятніцы, Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Арцемій узначаліў служэнне Боскай літургіі ў царкве Святой Жываначальнай Тройцы вёскi Падароск з нагоды 385-гадовага юбілею храма.
Уладыку саслужылі благачынны Ваўкавыскай акругі іерэй Аляксандар Юзва, настаяцель храма протаіерэй Сергій Быр, протаіерэй Віктар Каласоўскі і протаіерэй Сергій Давыдзік. Па заканчэнні літургіі Уладыка асвяціў памятную дошку з нагоды юбілейнай даты, а таксама ўзнагародзіў найбольш актыўных прыхаджанаў.
У часе пропаведзі Уладыка звярнуў увагу на сённяшняе евангельскае чытанне, прысвечанае прытчы пра вінаградараў. Пад вінаградарамі традыцыйна падразумяваецца ізраільскі народ, які не прымаў пасланнікаў Божых – прарокаў, не прымаў іх пропаведзь аб пакаянні і навяртанні да Бога.
Безумоўна, старазапаветныя яўрэі прытрымліваліся закону, але ці набліжалася іх жыццё да Бога? З гэтай прычыны шмат хто быў пасланы ім ад Бога і шмат хто быў адрынуты імі. Усвядоміўшы сябе “гаспадарамі” вінаградніка, яўрэі забілі і Сына Божага. Несумненна, Гасподзь распавёў прытчу пра Сябе і пра гісторыю старазапаветнай царквы, якая не прынесла дастойны плод пакаяння.
Але, трэба сказаць, гэта прытча звернута не толькі да старазапаветнай царквы, яна звернута да ўсёй хрысціянскай Царквы ўсіх часоў і народаў. І гісторыя добра засведчыла, што, адпаўшы ад Бога, хрысціяне трывалі незлічоныя беды. Адпаўшы ад Бога, паў Канстанцінопаль. Гэтаксама паў у пачатку ХХ стагоддзя і цэнтр хрысціянскага жыцця на ўсходнеславянскіх землях, дзе “вінаградары” сталі багаборцамі.
І гэта гісторыя з вінаградарамі паказвае нам, наколькі небяспечнымі, згубнымі для чалавека з’яўляюцца такія страсці, як ганарлівасць, фанабэрыя, што яны, па сутнасці, і ёсць, як і ўсякія іншыя страсці, адпадзеннем ад Бога. Яна павучае нас быць “соллю зямлі” па слове Хрыста, бо менавіта хрысціяне – святло гэтаму свету. І калі лампада перастае свяціць, калі соль траціць сваю сілу, калі хрысціяне не прыносяць дастойных пладоў духоўнага жыцця, тады пасылаюцца беды, зачыняюцца храмы, пачынаюцца ганенні, якія спазнала і наша Царква ў недалёкім мінулым. І менавіта дзякуючы навамучанікам – гэтаму годнаму плоду – нам дадзены час для пакаяння.
Не будзем яго траціць дарэмна, і будзем жыць і ісці тым “вузкім” шляхам, на які накіроўваў Сам Гасподзь, на які накіроўвалі старазапаветныя прарокі і якія не давалі жыць людзям у адчуванні знаходжання ў Царкве, што забыла Бога.
Зьміцер Даўгаполік-Пратасевіч
Награды
- Медаль Коложской Одигитрии III степени:
протоиерей Сергий Быр, настоятель храма.
- Медаль Коложского Креста III степени:
Давыдик Антонина Леонидовна, регент храма;
Кердоль Галина Николаевна, певчая храма.
- Архиерейская грамота:
Безносик Раиса Михайловна, казначей храма;
Быр Наталья Васильевна, певчая храма.