Тэматычная выстава, прысвечаная жыццю і працы Мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі)
“Жыццё і праца Высокапраасвяшчэннейшага Іосіфа (Сямашкі) Мітрапаліта Віленскага і Літоўскага” - пад такой назвай у гонар святкавання 220-годдзя нараджэння Мітрапаліта ў храме прыхода святых раўнаапостальных Мефодзія і Кірыла настаўнікаў Славенскіх г. Ваўкавыска для прыхажан і вучняў нядзельнай школы была арганізавана тэматычная выстава, прысвечаная чалавеку, які ўсё сваё жыццё ахвяраваў служэнню Праваслаўнай Царкве.
Нарадзіўся Мітрапаліт Віленскі Іосіф у беларуска-ўкраінскай шляхетнай сям’і ў дзень Раства Хрыстова ў 1798 годзе ў вёсцы Паўлаўка. Па традыцыі іх роду многія сямейнікі былі уніяцкімі святарамі.
Паколькі ў роднай вёсцы уніяцкага храма не было, то першыя гады жыцця Іосіф Сямашка наведваў праваслаўную царкву. Ён вельмі палюбіў праваслаўныя службы. Але ў дзесяцігадовым узросце бацькі забарнілі яму хадзіць у праваслаўны храм, а сталі вазіць у бліжэйшы касцёл у суседняй вёсцы. Каталіцкая служба падалася юнаку тэатралізаваным прадстаўленнем.
Новы перыяд у жыцці Мітрапаліта Літоўскага Іосіфа (Сямашкі) быў звязаны са шчырым служэннем грэка-каталіцкай царкве.Сваё першае назначэнне праасвяшчэнны Іосіф атрымаў у Луцкую епархію ў якасці кафедральнага прапаведніка і прафесара багаслоўя Луцкай семінарыі. Жадаючы прысвяціць сябе служэнню Царкве і свайму народу, ён адказаўся ад сямейнага жыцця, прыняў сан бязжоннага іпадыякана, а ў хуткім часе і дыякана.
22 красавіка 1828 года была зацверджана грэка-уніяцкая калегія пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Іасафата Булгака. У дапамогу мітрапаліту быў прызначаны Іосіф Сямашка. У аснову уніяцкай адукацыі была пакладзена праваслаўная сістэма адукацыі. Для іх стваралася асобная семінарыя ў Жыровічах, а ў Полацку прадугледжвалася адкрыць Акадэмію.
У 1829 годзе Іосіф (Сямашка) прыняў манашаскі пострыг, а 2 красавіка 1833 года быў вызначаны епіскапам Літоўскай грэка-уніяцкай епархіі.
У тыдзень Урачыстасці Праваславія 12 лютага 1839 г. у полацкім храме св. Сафіі адбылося саборнае служэнне вышэйшага уніяцкага духавенства на чале з епіскапам Іосіфам (Сямашка), Васілём (Лужынскім) і Антоніем (Зубко). На службе не ўпаміналася імя папы рымскага, а замест яго паміналіся праваслаўныя патрыярхі. Сумесная літургія і малебен удзячнасці завяршылі падрыхтоўку яднання уніятаў з Праваслаўнай Царквой. А 8 верасня 1845 года здзейснілася ўрачыстае адкрыццё Літоўскай семінарыi ў Свята-Троіцкім манастыры.
Жыццё Высокапраасвяшчэннейшага Іосіфа (Сямашкі), Мітрапаліта Віленскага і Літоўскага служыць нам яскравым прыкладам шчырага і адданага служэння Богу і Праваслаўнай Царкве.
Настаўніца нядзельнай школы Ірына ПЛЮТА