Выхаванцы інтэрната з в. Галавічполье наведалі Жыровіцы і Сынкавічы
У нядзелю, 23 снежня, выхаванцы інтэрната для дзетак з псіха-фізічнымі асаблівасцямі в. Галавічполье Шчучынскага раёна наведалі Свята-Ўспенскі манастыр у Жыровіцах.
Дадзенная вандроўка стала магчымай дзякуючы ініцыятыве брацтва ў імя святога прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага г. Гродна і, у прыватнасці, Уладзіміра Рыжкова, старшыні аб’яднання моладзі пры храме ў гонар Сабора ўсіх беларускіх святых. Кіраўніцтвам галавічпольскага інтэрната вызначыліся адказныя за медыцынскае і псіхолага-педагагічнае суправджэнне групы.
Святарскае суправаджэнне, па благаславенню благачыннага шчучынскай акругі іярэя Аляксандра Пасцерняка, было ўскладзена на клірыка Свята-Міхайлаўскай царквы г. Шчучына іярэя Сергія Сямашку.
Пад час наведвання вядомага манастыра галавічпольскія выхаванцы змаглі не толькі пабачыць храмы, прыкласціся да цудатворнага вобраза Прасвятой Багародзіцы і памаліцца, але і адведалі смачнай манастырскай ежы.
Сапраўднай падзеяй для дзетак стала сустрэча са шматлікімі дзікімі жывёламі ў “Эдэмскім садзе”, заснаваным кцітарствам Жыровічскага манастыра і руплівых ахвярадаўцаў.
Прыгожым фінальным акордам снежаньскай пілігрымкі было наведванне старажытнай царквы ў гонар Святога Архістраціга Божага Міхаіла в. Сынкавічы.
Падмацаваўшы сілы гарбатай у сынкавічскім Доме паломніка, усе ўдзельнікі вандроўкі з пранікнёным малітоўным настроем накіраваліся ў павяртальны шлях.
Святар Сергій СЯМАШКА,
клірык храма Святога Архангела Міхаіла г. Шчучына
Фота аўтара