У Шчучыне праваслаўныя вернікі адзначылі прастольнае свята ў гонар Святого Архангела Міхаіла
21 лістапада бягучага года праваслаўныя вернікі Шчучына адзначылі прастольную ўрачыстасць. Падзяіліць радасць супольнай малітвы наведаліся шматлікія паломнікі з бліжэйшых вёсак.
Узначаліў богаслужэнне кіруючы епархіяй Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі. У саслужэнні сакратара епархіі мітрафорнага протаіярэя Анатолія Ненартовіа, благчыннага акругі іярэя Аляксандра Пасцерняка і святароў горада была адпраўлена святочная Еўхарыстыя.
- Кожны раз, калі нам выпадае магчымасць малітоўна ўслаўляць анёлаў, мы з вамі павінны памятаваць аб тым, хто такі чалавек? Менавіта ў дачынні да чалавека Святое Пісанне ўзгадвае нам аб стварэнні па Вобразу і Падабенству Бога Айца. А гэта гаворыць аб тым, якую адказную і надзвычайна высокую духоўную мэту мы маем у сваім жыцці! - падкрэсліў у архіпастырскім слове Ўладыка Арцемій.
Па завяршэнні літургіі быў адслужаны малебен з Хрэсным ходам вакол храма.
У сто пяцьдзесят трэці раз шчучынская царква сустрэла сваё фэставае свята па-сапраўднаму прыгожа, малітоўна і ўрачыста!
Дзеля спраўкі:
Шчучынскую царкву Архангела Міхаіла пабудавалі ў 1864-1865 гадах і асвяцілі 22 кастрычніка 1865 года, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка, якая захавалася да сённяшняга часу. Адбылася гэтая падзея якраз пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Адным з пунктаў праграмы паўстанцаў было ўзнаўленне на беларускіх землях уніяцкай царквы. З мэтай падтрымкі праваслаўных вернікаў і ўмацавання пазіцый праваслаўя ў заходніх рэгіёнах Расійская імперыя садзейнічала будаўніцтву новых храмаў, замест абвятшалых драўляных старых.
Гісторык, краязнаўца С.В. Данскіх у кнізе “Стагоддзі і падзеі Шчучынскай зямлі” паведамляе, што працай па ўзвядзенні храма кіраваў царкоўна-будаўнічы камітэт у складзе прадстаўнікоў царскай адміністрацыі: ваеннага начальніка Лідскага павета капітана лейб-гвардыі Прэабражэнскага палка У.Ф. Панюціна, маёра корпуса жандармаў В.М.дэ-Лазары, міравых пасрэднікаў 1 і 2 участкаў Лідскага павета П.А. Ушакова і П.А. Балагоўскага, З.В. Балагоўскай ды рукадзельніцы А.А. Усавай. Мураваная царква каштавала 4651 руб. 64 кап. казённых грошай і была разлічана на 200 чалавек. Шчучынскі праваслаўны прыход ахопліваў мястэчкі Шчучын, Ражанка і 23 вёскі, налічваў каля 500 душ у 1887 г. і 1261 душу ў 1911 г. На патрэбы Шчучынскай царквы збіралі сродкі і ў Тамбоўскай губерніі. Тамбоўскі паліцмайстар Колабаў, прыстаў Смірноў, купцы Малінін, Шклоў, Купрыянаў, Таўсташэін у 1866 годзе ахвяравалі Шчучынскай Міхайлаўскай царкве 197 руб. Усяго было сабрана каля 200 руб. Асобныя ахвяраванні зрабілі гвардыі капітан Панюцін і князь Мяшчэрскі. У 1872 годзе на сродкі старасты шчучынскай царквы, міравога пасрэдніка 2 участка Паўла Аляксандравіча Балгоўскага вакол царквы была зроблена агароджа, якая каштавала 274 руб. 65 кап.
Будаўніцтва царквы адбывалася пад час праўлення імператара Аляксандра ІІ. Дабратворна, што дзяржавец і члены царскай сям’і праявілі ўвагу да будаўніцтва шчучынскай царквы. Да сённяшняга часу захаваліся падарункі ад царскай сям’і – богаслужбовыя пасудзіны і набор “Мінэй”.
Новай царкве з адносна невялікім прыходам улады зрабілі падарунак – яна стала цэнтрам Шчучынскага благачыння – царкоўна-адміністрацыйнай адзінкі , куды ўвайшлі дзесяць праваслаўных прыходаў: дзікушскі, орлеўскі, пакроўскі, ракавіцкі, турэйскі, шчучынскі, астрынскі, глыбоцкі, дэмбраўскі, васілішкоўскі. Першапачаткова шчучынскія благачынныя бацюшкі жылі ў Астрыне і Дзікушках, а не ў Шчучыне.
Цікава і тое, што ў адным з архіваў гродзеншчыны захаваліся зборнікі Літоўскіх Епархіяльных ведамасцяў. У адным з нумароў за лістапад 1865 года мы знайшлі пропаведзь, прамоўленную ў сам дзень асвячэння храма клірыкам Віленскага кафедральнага сабора святаром Антоніям Пшчолкай. Сярод шыкоўнай вераніцы гістарычных фактаў айцец Антоній падкрэсліў і тое, што “….в Щучине, этом древнейшем поселении Славяно-Руссов, также с незапамятных времен существовала Православная церковь во имя Святителя Николая Мирликийского Чудотворца, всегда особо чтимаго Русскими людьми”.
Адноўленая царскімі ўладамі праваслаўная царква адыграла значную ролю ў лёсе Шчучыншчыны. Статус цэнтра дабрачыннасці, дзве царквы, царкоўная двухкласная настаўніцкая школа і царкоўнапрыходская школа, безумоўна, надавала Шчучыну значнасць. У 80-90-х гадах ХІХ стагоддзя Шчучынскі праваслаўны прыход славіўся сваімі царкоўнымі харамі. Хор Шчучынскай царквы ў 1887 годзе вельмі ўразіў Ковенскага епіскапа Антонія. В 1899 годзе існаваў жаночы хор Шчучынскага царкоўнапрыходскага вучылішча.
У 1921 годзе Шчучын увайшоў у склад Польскай дзяржавы. У гэты перыяд Свята-Міхайлаўская царква Шчучына страціла сваю ўласнасць – землі ( 133 дзесяціны ў 1919 годзе адышлі на карысць дзяржавы згодна запісам у “Кліравай ведамасці” за 1932 год) і пабудовы. Найбольш заможныя прыхаджане - царскія чыноўнікі - яшчэ ў 1915 годзе ў сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны эвакуіраваліся ў Расію. Да 1928 года праваслаўны прыход Свята-Міхайлаўскай царквы Шчучына скараціўся да 752 чалавек, у 1932 годзе склаў 759 чалавек, а ў 1933 г. – 752 чалавекі.
Царква Міхаіла Архангела ў Шчучыне – помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння. Пабудаваны храм у рэтраспектыўна-рускім стылі, які з’яўляецца майстэрскай інтэпрэтацыяй і стылізацыяй рускай архітэктурнай спадчыны. План царквы нагадвае кампазіцыю старажытных зрубных храмаў. Царква мае шатровае пакрыццё з адным купалам.
Першым Шчучынскім благачынным (з 1861 па 1876 гады) стаў бацюшка Мікалай Іванавіч Тэадоравіч (1823-1876гг.). Шчучынскімі благачыннымі ў розныя часы былі Мікалай Пігулеўскі, Віктар Плаўскі, Іосіф Давідовіч, Платон Станкевіч ( на тэрыторыі царквы пахавана яго матушка – па прозвішчы Грыгаровіч), Пётр Семянкоўскі. У 1932 годзе ў царкве служыў айцец Уладзімір Смарагдавіч Стукановіч, а ў 1933 годзе – пратаіерэй Пётр Агіцкі (дадзеныя прыведзены на аснове “Кліравых ведамасцей” за 1932 і 1933 гады). Затым да 1935 года ў царкве Міхаіла Архангела не было пастаяннага светара. Службы ў храме перыядычна праводзіў Ракавіцк святар айцец Уладзімір Фралоў. З 1935 па 1951 год настаяцелем Свята-Міхайлаўскага храма Шчучына быў пратаіерэй Пётр Агіцкі. Пётр і Вольга пажаніліся, калі Петр Агіцкі яшчэ вучыўся ў Санкт- Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі. Іх шлюб благаславіў святы праведнік Іаан Кранштадскі. Сын пратаірэя Пятра і матушкі Вольгі – Дзмітрый Агіцкі скончыў Віленскую Духоўную Семінарыю, Віленскі ўніверсітэт, дзе вывучаў старажытнагрэцкую мову. Выкладаў у семінарыі ў Жыровічах. З 1964 года працаваў у Маскоўскіх Духоўных школах, абараніў магістарскую дысертацыю, стаў прафесарам і загадчыкам аспірантуры. На пенсіі прафесар Агіцкі жыў у Шчучыне, у доме свайго бацькі, тут ён знайшоў спачын восенню 1996 года. Пахаваны на тэрыторыі царквы побач з магілай бацькоў: айцом Пятром і матушкай Вольга Агіцкімі.
З 1951 па 1984 гады настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы быў пратаіерэй Канстанцін Мяцеліца.
З 1984 па 1993 гады ў храме служыў іерэй Пётр Каліноўскі.
13 кастрычніка 1991 года Свята-Міхайлаўскі храм наведаў і адслужыў літургію мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
21 лістапада 1992 года - архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Валянцін.
З 1993 па 1998 год настаяцелем храма быў протаіярэй Мікалай Гмір.
З 1993 года па 2013 год настаяцелем храма і Шчучынскім благачынным з’яўляўся мітрафорны протаіярэй Міхаіл Велісейчык.
Матэрыял артыкула падрыхтаваны клірыкам храма Святога Архангеал Міхаіла г. Шчучына іярэем Сергіем Сямашка і Аленай Лісоўскай.
Фота Яўгенія Велісейчыка