Жыровцкі вобраз Прасвятой Багародзіцы пакінуў горад Шчучын
26 ліпеня бягучага года Жыровіцкі вобраз Прасвятой Багародзіцы ў 15:00 пакінуў сцены крыптавага храма г. Шчучына.
На працягу сутак вернікі шчучыншчыны мелі надзвычайную магчымасць узносіць свае малітвы да вядомай святыні Белай Русі. З самага ранку ўсе жадаючыя прынялі ўдзел у Бажэственнай Літургіі, узначаленай благачынным шчучынскай акругі іярэем Аляксандрам Пасцярняком у саслужэнні святароў храмаў раёна.
На прыканцы Еўхарыстыі з казаннем звярнуўся да ўсіх сабраўшыхся настаецель Свята- Пакроўскай царквы в. Орля іярэй Ігар Марчык. Па завяршэнні Таямніцы Прычашчэння быў адслужаны чарговы малебен з акафістам і Хрэсным ходам.
- Я вельмі ўдзячны ўсім Вам, любасныя ў Хрысце брацця і сёстры, за малітву гэтага дня! Шчыра прашу кожнага верніка ўзносіць свае прашэнні да Бога, памятуючы не толькі пра свае журботы, але і молячыся аб магчымасці заврешыць будаўніцтва нашага храма! Вельмі спадзяюся на тое, што гэты праслаўлены Прасвятой Багародзіцай вобраз яшчэ раз наведае наша паселішча і асвяціць сваёй прысутнасю сцены ўжо пабудаванай царквы!,- падкрэсліў благачынны акругі святар Аляксандар Пасцярняк.
Пасля чарговага акафіста, адслужанага клірыкам крыптавага храма іярэем Ігарам Каласоўскім разам з прыхаджанамі, Жыровіцкі вобраз Прасвятой Багародзіцы паікнуў межы горада і раёна, накіраваўшыся да вернікаў г. Масты.
Праважаючы дарагую і вельмі знакавую святыню, шматлікія вернікі горада і святары адзначылі тую акалічнасць, што пад час знаходжання іконы ў храме духоўна адчуваўся шматвекавы подых малітоўнасці Жыровіц бобач з нашай жыццёвай мітуснёй. Зіхаценне слёз ціхай радасці на вачах сабраўшыхся яскрава падкрэслівала гістарычнасць і духоўную веліч таго, што адбылося за мінулыя суткі.
Цудатворны вобраз пакідаў горад, стварыўшы адно з найцікавейшых цудаў у душах шматлікіх людзей: нарадзіўшы жывое адчуванне блізасці Бога і дабра да кожнага з нас! Менавіта ў гэты момант па- асабліваму загучалі ў думках пранікнёныя радкі знакамітага верша паэткі Белай Русі Ларысы Геніюш:
Жыровічы – сьвяты для нас куточак,
гдзе цэрквы ў неба вежы узьнялі.
На дрэве Маці Божай абразочак –
благаслаўленьне для маёй зямлі.
Чужыя ў нас былі паны, вяльможы,
зь цяжкое працы жыў стары народ.
Жыў ён зь любові, з ласкі Маці Божай,
якая зь ім была ў часы нягод.
Сягоння з хмараў дождж на землю выпаў,
ступаю моўчкі па сьвятой зямлі.
Благаславі мяне, старая ліпа,
і ад ліхога гольлем затулі.
Вякі ты маіх продкаў затуляла
і ад набегаў, войнаў сьцерагла.
Я ля цябе – і спакайней мне стала.
Упэўнена стаю каля ствала.
Свая душою, з гэтага я роду,
прыйшла к табе сягоньня, як у сьне.
Ты папрасі Айцоў сівабародых,
каб ўспомнілі ў малітвах пра мяне.
Дождж не сьціхае, ўсё навокал мокне.
У Жыраве я сяньня першы раз.
Шкадую сэрцам, што не пастушок я,
які убачыў той сьвяты абраз.
Мне цяжка у жыцьці было – за тое
дай мне пачэсна на зямлі пражыць.
З крынічкі напаі мяне сьвятое,
зь якой так прагну тваю праўду піць.
О Маці Божая! Ты – ласка у цярпеньні,
прамень сьвятла, што празь вякі ня згас,
на голаў грэшную маю пашлі благаславеньне
і будзь пры мне ў жыцьця адказны час.
Хай будзе мір і ўсюды Твая воля,
і Бог – Твой Сын – расьпяты на крыжы.
Стары народ наш не пакінь ніколі
і ад нягодаў землю сьцеражы!
(у вершы захавана граматычная форма арыгінала з даступнай аблічбаванай крыніцы)
Прасвятая Багародзіца, дапамажы нам!
Святар Сергій Сямашка,
клірык храма Святога Архістраціга Божага Міхаіла г. Шчучына
Фота Геннадзя Шышкіна