Главная » Новости » 2018 » 07 » Святар прыняў удзел у акцыi “Чытаем Купалу разам”

Святар прыняў удзел у акцыi “Чытаем Купалу разам”

7 ліпеня 2018 года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла акцыя “Чытаем Купалу разам”. Мерапрыемства было прымеркавана да 136-годдзя з дня нараджэння прарока нацыянальнага Адраджэння і вядомага беларускага класіка, імя якога носіць універсітэт.

Далучыўся да гэтай акцыі і прыняў актыўны ўдзел загадчык сектара прыходскіх бібліятэк Гродзенскай епархіі, клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна протаіерэй Уладзімір Барысевіч. 

Вельмі багатую спадчыну пакінуў нам Янка Купала – паэт, драматург, палымяны публіцыст. У паэтычнай спадчыне беларускага класіка ёсць вядомы, бадай, кожнаму беларусу верш “Мая малітва” – любімы твор айца Уладзіміра, які і прачытаў святар у рамках мерапрыемства.

“Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй”.

Гэтыя радкі славутага класіка ўражваюць, бо ў іх – бясконцая любоў беларускага песняра да сваёй Бацькаўшчыны і да свайго народа. У гэтых радках Янка Купала паўстае перад намі як сапраўдны прарок, які нясе да людзей слова ісціны, каб абудзіць іх ад сну.

Здаецца, мы ведаем розныя творы “апостала нацыі”. Тым не менш, кожны раз, калі разгортваем томік Купалавай паэзіі, мы адкрываем для сябе штосьці новае і нязведанае.

“Я буду маліцца да яснага сонейка,
Няшчасных зімой саграваць сірацін,
Прыветна па збожных гуляючы гонейках,
Часцей заглядаці да цёмны хацін”.

Чытаеш, – і нібы чуеш голас паэта, то валадарна-велічны, то сцішана-стоены, прыглушаны цяжкай дарогай яго нялёгкага жыцця, бачыш яго вочы, то затуманеныя, то з іскрынкай спагадлівай усмешкі. Нібы пачынаеш гутарыць праз вершы, а твой суразмоўца – наш сучаснік, спадарожнік нашых радасцяў і трывог, ён, несумненна, добры дарадца і, магчыма, нават твой найбліжэйшы сябар.

Багатую спадчыну пакінуў нам Янка Купала. Яго творы, прасякнутыя грамадзянскім пафасам, – гэта, вядома, асабіста спазнаны досвед пакут за родную зямлю. Вядома, што творчасць слыннага паэта нашай Бацькаўшчыны поўняць і хрысціянскія матывы: гэта, безумоўна, выяўленая “эсхаталогія беларускай душы, глыбокае адчуванне хуткаплыннасці і непаўторнасці зямнога жыцця чалавека, гістарычная і сацыяльна-палітычная драма народа і спрадвечная мара пра дасканалае жыццё на зямлі”.

Як адзначае вядомы беларускі філосаф Уладзімір Конан, “тэмы быцця і небыцця, смерці і ўваскрасення, заняпаду роднага краю і надзея на яго нацыянальнае і духоўнае адраджэнне, пакутніцтва і радасны экстаз жыцця чалавека, сацыяльная несправядлівасць і непазбежнасць хрысціянскага абнаўлення грамадства дамінуюць у Купалавай паэзіі, драматургіі і публіцыстыцы”. Менавіта таму – “Мая малітва”, менавіта таму “магутнаму Богу – ўсясвету малюся”. У лірычнай спадчыне Купалы ёсць верш “Вялікдзень”, поўны хрысціянскага аптымізму, які духоўна “перагукваецца” з вітаннем прападобнага Серафіма Сароўскага “Радость моя, Христос воскресе!”:

“Два святы на свеце – ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!
Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, нешчаслівы.
I далей к жыццю з паніжэння і сна!”

Як бачым, Купалава творчасць несумненна важная для кожнага беларуса-хрысціяніна. Яна – не толькі заклік да адраджэння сацыяльнага, але і да адраджэння духоўнага, усіх беларусаў і кожнага; яна – невычэрпная крыніца хрысціянскай мудрасці перадусім для нас, беларусаў. Таму будзем спазнаваць Хрыста і Яго веру; будзем памятаць, што для Яго спазнання ёсць шмат карыснага ў творчасці беларускіх класікаў і ў прыватнасці ў творчасці Янкі Купалы, які, відаць, недарэмна, нарадзіўся ў свята Ражства Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана, пасля стаўшы прарокам беларускага Адраджэння, нацыянальнага і духоўнага.

Протаіерэй Уладзімір БАРЫСЕВIЧ

Святар прыняў удзел у акцыi “Чытаем Купалу разам”
Святар прыняў удзел у акцыi “Чытаем Купалу разам”
Святар прыняў удзел у акцыi “Чытаем Купалу разам”
Святар прыняў удзел у акцыi “Чытаем Купалу разам”
Раздел сайта:
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut