У вёсцы Галубы Шучынскага благачыння асвяцілі новую царкву
12 траўня бягучага года ў вёсцы Галубы, Мастоўскага раёна, адбылося урачыстае богаслужэнне, пад час якого быў асвечаны храм у гонар вобраза Прасвятой Багародзіцы “Хуткапаслушніца”.
Узначаліў малітву ў гэты дзень Высокапраасвяшчэннейшы Арцемій, Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, у саслужэнні сакратара Гродзенскай Епархіі мітрафорнага протаіярэя Анатолія Ненартовіча, благачыннага Шчучынскай акругі іярэя Аляксандра Пасцярняка, настаяцеля храма іярэя Ігара Марчыка і некаторых святароў благачыння.
Не выпадковым стаў і выбар назвы новай святыні. Вобраз Божай Маці “Хуткапаслушніца” са старажытных часоў вельмі ўшаноўваецца сярод праваслаўных вернікаў. У летапісу манастыра Дахіар святой гары Афон першае узгадванне аб гэтай іконе датуецца 1664 годам. Дакладна вядома і тое, што летам 1996 года была знойдзена ў манастыры і сама фрэска вобраза Багародзіцы, 1563 года напісання. У 1865 годзе быў асвечаны Свята- Міхайлаўскі храм ў Шчучыне, у якім з першых дзён існавання знайшла свой прытулак копія вядомай дахіарскай святыні. Больш ста пяцідзесяці гадоў вернікі шчучыншыны ўзносяць свае малітвы да Бога перад гэтым цудатворным вобразам, таму і выбар назвы для новага храма стаў вельмі сімвалічнай данінай пашаны і памяці.
Пасля заканчэння чына асвячэння храма, непасрэдна перад пачаткам Літургіі, са словам да ўсіх прысутных звярнуўся Выскопраасвяшчэннейшы Арцемій. У прыватнасці, Уладыка адзначыў вельмі вялікую ролю храма для духоўнага жыцця чалавека, для збавення душы.
- Вам не перадаць словамі ўсіх пачуццяў, якія ўздымаюць незвычайную радасць у маёй душы!,- гаворыць Аляксандар Пятровіч Васько, адзін з шасці дзяцей у сям’і мясцовых жыхароў.- Шмат гадоў майго жыцця было аддана службе на дзяржаўнай пасадзе. Але бацькі ніколі не выхоўвалі нас атэістамі, у хаце заўсёды былі абразы і жыла малітва. Я вельмі яскрава памятую ўсё сваё дзяцінства, праведзеннае вось на гэтых старажытных нёманскіх берагах Ліпічанскай Пушчы. Бацькі мае, як і ўсе мясцовыя жыхары, мелі вялікую праблему з тым, каб дабрацца да храма нават у вялікія святы царкоўнага года Нараджэнне Хрыстова і Пасху. Самымі блізкімі былі храмы ў в. Рымкі (Турэйск) і Шчара (знішчаны ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны). Некаторыя дабіраліся ў в. Орля. Летам пытанняў не было. Праблема была тады, калі зімой, на само свята Хрыстова Раства, надзвычайна вялікія снежныя пакровы адразалі ўсе дарогі, а тэхнікі, як цяпер, не было ў тыя гады. На Вялікдзень павадак вясновы ператвараў вёску ў востраў, зноў адрэзаны ад “вялікай зямлі”. Уяўляеце, якім быў шлях да храма ў гэтыя перыяды? Гады прайшлі. І вось цяпер нашы вочы бачаць храм, які стаў сапраўднай узнагародай за ўсе гады выпрабаванняў для маіх землякоў!
З гэтымі разважаннямі нельга не пагадзіцца. І малітвы Архіпастыра, і прашэнні святароў з народам, і мілагучныя мелодыі ансамбля пеўчых шчучынскіх храмаў- усё гэта ўпершыню насыціла гукамі сапраўднага богаслужбовага жыцця не толькі сцены былой бібліятэкі, але і прыроду навокал. Стаўшы прыпісным да Свята- Пакроўскай царквы в. Орля храм ў Галубах напоўніў новым сэнсам жыццё ўсяго наваколля. Некалькі разоў выдалася пачуць ад галубчан думку аб тым, што новая царква для іх цяпер з’яўляецца не толькі месцам для малітвы, але і сродкам адказнасці перад Богам і нашчадкамі за сваё духоўнае жыццё.
Пасля Еўхарыстычнай трапезы дзесяткі вернікаў змаглі падмацаваць свае сілы і звычайнай ежай, рупліва падрыхтаванай для ўсіх жадаючых на сталах ля сцен храма. А калыжы фотаздымкаў, размешчаных на дрэвах побач з царквой, проста і непрадузята перадалі атмасферу супульнай працы вяскоўцаў дзеля таго, каб стварыць сваімі рукамі храм Божы. Звярнуўшы ўважлівы позірк на здымкі, без асаблівай цяжкаскі кожны сумленны чалавек зразумее, што не дарэмнымі былі ўзнагароды, прынятыя прыхаджанамі з рук Архіпастыра за добрасумленную працу.
Па- летняму цёплае веснавое надвро’е, безумоўна, дабавіла ласкі і пяшчоты ў настрой людзей, сабраўшыхся дзеля малітвы. Здавалася, што ўся прырода падзяляла радасць адбыўшайся падзеі. І адслужанае напярэдадні свята Ўсяночнае Трыванне, і сама Літургія назаўсёды пакінулі ў паветры старажытнага Ліпічанскага леса словы яшчэ больш старажытнай малітвы, загучаўшай па-новаму ў гэтых мясцінах: “Слава ў Вышынях Богу! І на зямлі мір! У людзях благаваленне!”
Святар Сергій СЯМАШКА,
клірык храма Святога Архістраціга Божага Міхаіла г. Шчучына
Фота аўтара