Спі спакойна, невядомы салдат...
У чацвер з удзелам прадстаўнікоў улады і грамадскасці адбылося перапахаванне астанкаў невядомага расійскага воіна, загінуўшага ў гады Першай сусветнай вайны, на могілках вёскі Барташы.
- Салдаты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна ў жніўні-верасні правялі раскопкі і знайшлі астанкі 667 ахвяр Першай сусветнай вайны, - расказаў падчас правядзення цырымоніі перапахавання ваенны камісар раёна А.Г. Гайдук. - 666 з іх былі ідэнтыфікаваны як салдаты Германскай імперскай арміі і перададзены для перапахавання прадстаўнікам Народнага саюза Германіі, а адзін прызнаны расійскім салдатам. Яго вырашылі перапахаваць на мясцовых могілках.
Тое, што гэта расійскі салдат, удалося вызначыць па рэштках вопраткі і абутку. Былі знойдзены рэшткі ваеннага мундзіра часоў царскай Расіі і струхлелыя пагоны. Захавалася і надмагільная пліта, на якой ёсць надпіс на польскай мове «Nieznany rosyjsky zolnerz».
Да сабраўшыхся на цырымоніі перапахавання звярнуўся намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.Г. Амшэй, які адзначыў, што ў часы Першай сусветнай вайны на тэрыторыі сучаснай Шчучыншчыны ішлі жорсткія баявыя дзеянні паміж рускімі і нямецкімі войскамі. А гэта суправаджалася вялікімі людскімі стратамі з абодвух бакоў. Дзеля мірнай будучыні сучаснікі павінны ведаць гісторыю тых далёкіх трагічных падзей, якія адбываліся на шчучынскай зямлі. Аляксандр Генрыхавіч нагадаў, што ўзровень цывілізаванасці грамадства вызначаецца па адносінах да памяці сваіх продкаў, у тым ліку і загінуўшых на полі бою. Расійскі салдат ніколі не будзе забыты. У памяць аб той далёкай вайне на месцы пахавання воіна будзе пастаўлены памятны знак.
Іерэй Сергій Сямашка адслужыў заўпакойную ліцію і акрапіў святой вадой месца спачыну расійскага салдата. Труну з астанкамі невядомага воіна апусцілі ў зямлю. Памяць загінуўшага ўшанавалі хвілінай маўчання. Да магілкі ўсклалі кветкі… Спі з мірам, невядомы салдат! Хай твая душа знойдзе нарэшце вечны супакой…
Сяргей КАСПЯРЧУК
Фота аўтара