"Каложкі Благавест" завітаў у Першамайск
У актавай зале Першамайскай школы прайшоў адборачны тур ХV Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў Гродзенскай Епархіі “Каложскі Благавест ”. У ім прынялі ўдзел 25 прыходскіх хораў і свецкіх калектываў Шчучынскага і Мастоўскага благачынняў.
У зале сабраліся не толькі ўдзельнікі фестывалю, але і мясцовыя жыхары, якія прыйшлі паслухаць царкоўныя спевы. Не засталася не заўважанай і выстава дзіцячых малюнкаў на тэму “Ражство Хрыстова”.
Адкрыў фестываль благачынны Шчучынскай акругі, настаяцель храма Святога Архангела Міхаіла протаіерэй Аляксандр Пасцерняк. Нягледзячы на тое, што гэты фэст стаў традыцыйным і праводзіцца ў 15-ты раз, мэтай яго па-ранейшаму з’яўляецца адраджэнне жывога царкоўнага спеву, захаванне і развіццё пеўчай праваслаўнай культуры і павышэнне выканаўчага ўзроўню прыходскіх і свецкіх харавых калектываў.
Высока ацаніла многія выступленні кампетэнтнае журы, у склад якога сёлета ўвайшлі клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна, член Беларускага саюза кампазітараў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” протаіерэй Андрэй Бандарэнка (старшыня журы), настаяцель храма Пакрова Маці Божай в. Мількаўшчына протаіерэй Аляксандр Шашкоў і загадчык канцылярыі Гродзенскай епархіі, адміністратар фестывалю Алег Комар. Дарэчы, так здарылася, што наш народны ансамбль духоўнай музыкі «Преображение» падчас свайго выступлення выканаў “Трапар” Андрэя Бандарэнкі і “Калядную Прыдняпроўскую” Аляксандра Шашкова.
Сёлета гонар Шчучына абаранялі дарослы і дзіцячы хоры храма Святога Архангела Міхаіла, хор храма Богаяўлення, народны ансамбль духоўнай музыкі «Преображение» і вакальны ансамбль «Элегія».
Цэлы дзень у Першамайску гучала ўзнёслая духоўная музыка. У выніку былі адабраны 4 лепшыя калектывы, якія прымуць удзел у заключным этапе фестывалю. У ліку пераможцаў і нашы шчучынцы – дзіцячы хор храма Святога Архангела Міхаіла (рэгент – Вераніка Дзіско) і вакальны ансамбль “Элегія” (кіраўнік І.М. Забароўская). Дарэчы, гэты творчы калектыў прэтэндуе на званне “народны”. На фестывалі ён прадстаўляў Шчучынскую дзіцячую школу мастацтваў. А вось для дзіцячага хору храма Святога Архангела Міхаіла гэта было дэбютнае выступленне.
– Я займаюся музыкай з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з 2013 года, – расказвае рэгент Вераніка Дзіско. – Аднак раней мы не прымалі ўдзел у конкурсах. Перад фестывалем шмат рэпетыравалі і, нягледзячы на хваляванне юных канкурсантаў, лічу, што выступілі вельмі дастойна.
Заключны этам ХV Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў Гродзенскай Епархіі “Каложский Благовест” будзе праходзіць у Гродне з 22 па 26 лютага. Шматлікія выставы, паказы фільмаў, вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні – усё гэта стане цудоўным падарункам для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю. Плануюцца і выступленні замежных харавых калектываў.
Ганна КАСПЕР
Фота аўтара