Сад Малітвы будзе расці і ў Шчучыне
Сёння каля васьмі гадзін раніцы ўдзельнікі 22-ой рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”, святары, прадстаўнікі ўлады, шматлікія вернікі, выхаванцы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына”, госці горада сабраліся разам, каб пасадзіць ля царквы Святога Архангела Міхаіла ў Шчучыне Сад Малітвы.
Такія сады па традыцыі з’яўляюцца ля ўсіх храмаў, куды прыносяць Непагасную Лампаду ад Гроба Гасподняга. Прыемна, што адметным вераснёўскім днём – у Дзень беларускага пісьменства - некалькі маладых дрэўцаў зазелянелі і на шчучынскай зямлі.
Перад пачаткам добрай справы з цёплымі словамі звярнуліся да шчучынцаў і гасцей начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі П.К. Скрабко і намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Г.С. Хвядзюк. Павел Канстанцінавіч і Ганна Станіславаўна адзначылі, што кожная такая сустрэча з экспедыцыяй вельмі важная, бо аб’ядноўвае людзей і напаўняе духоўнасцю і любоўю іх сэрцы, а таксама выказалі надзею, што Благадатны агонь, прынесены ў Шчучын, будзе саграваць людскія душы, дапамагаць у жыццёвых справах і спрыяць таму, каб на нашай зямлі былі мір і спакой.
У пасадцы Сада Малітвы непасрэдны ўдзел узялі кіраўнік экспедыцыі Н.С. Загорская, святар, протаіерэй Свята-Духава кафедральнага сабора г.Мінска Сергій Гардун, благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцярняк, настаяцель прыхода святой Тэрэзы г.Шчучына айцец Вітальд Пяцельчыц, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў І. Ю. Сакалоўскі і многія іншыя.
Дарэчы, і гэта таксама шматгадовая традыцыя, у ямкі для саджанцаў абавязкова дабаўляецца зямля з тых куткоў Беларусі, дзе да гэтага пабывала духоўная экспедыцыя, і былі пасаджаны Сады Малітвы. Яе з душэўным хваляваннем высыпалі і пад карэнні маленькіх туй і ядлоўцу, прывезеных з мясцовага лясгаса, і якія цяпер будуць расці ля шчучынскага храма. Ніна Сямёнаўна Загорская з радасцю прыняла і мяшочак са шчучынскай зямлёй, якая пазней злучыцца з галоўным скарбам іншых беларускіх рэгіёнаў, дзе будуць з’яўляцца Сады Малітвы.
А потым Непагасную лампаду з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга і Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы пранеслі Хрэсным ходам па вуліцах Шчучына да храма Богаяўлення. Тут прайшла літургія, якую ўзначаліў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій у саслужэннi епiскапа Барысаўскага Венiамiна. І зноў святло Хрыстова затрапятала на свечках у руках удзельнікаў духоўнага дзейства. У гэтай царкве адбылося таксама ўрачыстае ўручэнне фотаспіса цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы, якая стане для прыхаджан добрай памяццю пра напоўнены духоўнасцю і святлом веры пачатак верасня 2015 года.
Удзельнікі экспедыцыі прымаюць актыўны ўдзел і ў многіх іншых мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства.
Таццяна ПАЛУБЯТКА
Фота аўтара