Канцэрт "Велікодны настрой" на школьнай сцэне
Вясна заўсёды асацыіруецца ў кожнага з нас з пачаткам абуджэння не толькі прыроды, але і абуджэннем у нас саміх надзеі на пачатак нечага новага і лепшага. І гэта, сапраўды, так, бо менавіта вясной кожны з нас рыхтуецца да аднаго з самых цудоўных хрысціянскіх свят – Вялікадня. Гэта свята прыходзіць у кожны дом, у кожную сям’ю. Наша школа таксама адна вялікая сям’я, таму яно было і ў нашым доме. Ужо стала традыцыяй запрашаць гасцей не толькі ў дзень свята, але і ладзіць яго праз тыдзень для вучняў пачатковых і сярэдніх класаў. Прыемна, што прыходзяць вучні з бацькамі і малодшымі братамі і сястрычкамі.
У суботу, 18 красавіка 2015 года, у актавай зале зноў гучалі цудоўныя вершы, прысвечаныя Іісусу Хрысту, аповеды пра яго жыццё і адносіны да дзяцей. Вучні нядзельнай школы падрыхтавлі інсцэніроўку, якая распавядала пра тое, чаму на свята мы фарбуем яйкі ў чырвоны колер. Павучальнай была гісторыя пра жыццё сучасных падлеткаў, якія, седзячы за камп’ютарам, забываюць пра сваё сумленне, пра любоў і спагаду да бліжняга. І толькі, усвядоміўшы свае грахі, праз пакаянне, могуць вярнуць сабе веру і любоў. Выступленне танцавальнага калектыва “Непаседы” выклікала не толькі добры настрой, але і жаданне падтрымаць іх . А чароўны танец ў выкананні вучаніц нашай і нядзельнай школ госці глядзелі затаіўшы дыханне. А яшчэ гучалі песні ў выкананні дзіцячага хора пры храме Раства Хрыстова. Здавалася, што яны адкрываюць у кожным з нас самае лепшае, добрае і чыстае. Таму прыемна было пачуць словы падзякі ад бацькоў, вучняў і настаўнікаў, якія прысутнічалі на канцэрце “Велікодны настрой”. Было адчуванне, што ўсе прысутныя ў зале сталі адной вялікай сям’ёй. А гэта значыць, што такіх сустрэч будзе больш.
Настаўнік СШ №27 г.Гродна Таццяна Іванаўна ГРЭЦКАЯ