Радасць слова
У Шчучыне прайшла праваслаўная выстава-кірмаш “Радасць слова”. Былі шырока прадстаўлены духоўная, адукацыйная і дзіцячая літаратура, кніжныя навінкі Выдавецтва Беларускага Экзархата. Усе жадаючыя маглі набыць аўдыё- і відэапрадукцыю, царкоўнае начынне, лекавыя травы, бальзамы, а таксама сувеніры. У рамках выставы-кірмашу адбыліся дэманстрацыя відэафільмаў, лекцыі і гутаркі з удзелам святароў, выступленне пеўчага ансамбля. Для школьнікаў раёна быў прапанаваны спектакль ценяў “Кропка невяртання”, праз які рабят заклікалі весці здаровы лад жыцця і не трапляць у палон да наркотыкаў.
- Наша выстава накіравана не толькі на асветніцкае і духоўнае выхаванне, – расказвае супрацоўніца выдавецтва Ірына Тарасевіч. – Прадстаўленая экспазіцыя адлюстроўвае шматграннасць рэлігіі. Праз усе віды мастацтва мы спрабавалі данесці да людзей радасць слова, расказаць пра праваслаўныя традыцыі, культуру. Спадзяемся, што кожны, хто наведаў нашу выставу-кірмаш, знайшоў не толькі “ежу” для розуму, але і спакой для душы.
Наступнымі пунктамі прыпынку выставы-кірмашу “Радасць слова” стануць Масты і Ваўкавыск.
Ганна КАСПЕР
Фота аўтара