У Шчучынскай гімназіі адзначылі Дзень праваслаўнай кнігі
25 снежня 2009 года на пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне аб святкаванні 14 сакавіка Дня праваслаўнай кнігі. Менавіта ў гэты вясновы дзень у 1564 годзе – 540 год таму – убачыла свет першая кніга рускага першадрукара Івана Фёдарава “Апостал”.
З гэтай нагоды ва ўстановах адукацыі горада Шчучына адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя данай урачыстасці. На сустрэчу, якая ладзілася ў гімназіі, прыйшлі святар храма Архангела Міхаіла г. Шчучына іерэй Сергій Сямашка і бібліятэкары дзіцячай бібліятэкі Аксана Міхайлаўна Хоміч і Ганна Аляксандраўна Карповіч. Госці падрыхтавалі для гімназістаў цікавую выставу. Па благаславенні благачыннага Шчучынскай акругі іерэя Аляксандра Пасцерняка ўпершыню ў нашым горадзе дарослыя і дзеці мелі магчымасць пабачыць старажытныя выданні богаслужбовай літаратуры, якія прадставіў рабятам айцец Сергій. Самая старэйшая з гэтых кніг выдадзена ў 1836 годзе ў Маскве.
Вядучыя – вучні 8 "Б" класа Андрэй Садоўскі і Дзіяна Сяргей, – нагадалі ўдзельнікам сустрэчы гісторыю рукапіснай і друкаванай кнігі, расказалі аб святкаванні Дня славянскага пісьменства і культуры, прымеркаванага да Дня памяці святых раўнаапостальных братоў Кірылы і Мяфодзія, узгадалі гісторыю будаўніцтва першага Друкарскага двара ў Маскве, які ўзначаліў крамлёўскі дыякан Іван Фёдараў, не забылі таксама і беларускага першадрукара Францыска Скарыну і яго “Псалтыр”, выдадзены ў 1517 годзе.
Шмат цікавых фактаў з гісторыі праваслаўнай кнігі даведаліся рабяты з відэафільма “Рукапісныя кнігі старажытнай Русі” і фільма, які расказваў пра жыццё і дзейнасць Кірылы і Мяфодзія.
– Як вы думаеце, што выклікае ў вучоных найбольшы інтарэс: тайна ўзвядзення егіпецкіх пірамід альбо будаўніцтва літар у стараславянскай азбуцы? – заінтрыгаваў рабят айцец Сергій. І прадэманстраваў напісанне некаторых з іх, а затым прапанаваў дзецям прачытаць словы, якія атрымаліся.
У “зашыфраванай” фразе – 14-га дня 3-га месяца 2014 лета – указвалася дата святкавання Дня праваслаўнай кнігі.
– На шчасце, сёння ў нас ёсць магчымасць убачыць святыя кнігі, дакрануцца да іх, – звярнуўся да рабят айцец Сергій. – У наc захаваліся ўнікальныя выданні. Напрыклад, “Богаслужбовае Евангелле” 1897 года. Яно часта выкарыстоўвалася на службах, таму было “схавана” ў каваны пераплёт і сярэбраны або латунны аклад, які аберагаў кнігу ад пашкоджання.
Самае старажытнае святое выданне, якое прадэманстраваў айцец Сергій, – “Святы апостал”, выдадзена ў Маскве ў 1836 годзе. Такія кнігі – знакавыя рэчы для нашага горада і царквы.
Ёсць і дзве кнігі “Богаслужбовых Мінэяў”, якія змяшчаюць у сабе парадак богаслужэнняў на кожны дзень года. Яны дасталіся царкве ў 1865 годзе ў якасці падарунка ў часы кіравання “благочестивейшего, самодержавнейшего Великого государя нашего императора Александра Николаевича всея Руси и супруги его благочестивой государыни императрицы Марии Александровны”, як указана ў выданні.
– Гэтыя кнігі захавалі для нас слова Божае праз веліч стагоддзяў, – сказаў айцец Сергій. – Тая часцінка мудрасці, якую праз сэрца, праз розум мы пускаем у сваё жыццё, даносіцца да нас са старонак кніг. Кнігі – гэта помнік, які адлюстроўвае стан культуры, узровень інтэлекту чалавечай нацыі. Яны ніколі не згубяць сваёй актуальнасці. Калі мы ў поўнай меры здолеем прачытаць тое, што хацелі данесці да нас продкі, ад чаго хацелі нас перасцерагчы, тады ў нас будзе бязвоблачная будучыня.
– Марк Твэн сказаў, што дабрыня – гэта тое, што можа пачуць нават глухі, – нагадала рабятам бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі А.М. Хоміч. – Менавіта дабрыні, спагадзе, узаемавыручцы і іншым станоўчым чалавечым якасцям вучаць чытачоў кнігі выдавецтва Беларускага Экзархата. Многія з іх ёсць у бібліятэцы, і пры жаданні кожны можа іх узяць і прачытаць.
Каб зацікавіць юных чытачоў, Аксана Міхайлаўна коратка расказала змест некаторых кніг, спыніўшыся на самым цікавым, каб фінал гісторыі рабяты даведаліся, прачытаўшы яе.
Напрыканцы сустрэчы намеснік дырэктара гімназіі па навуковай рабоце Алена Яўгеньеўна Лісоўская падзякавала айцу Сергію за ідэю правядзення такога мерапрыемства і выдатную магчымасць пазнаёміцца з унікальнымі выданнямі, а бібліятэкарам – за цікавую гутарку і арганізаваную выставу.
***
14 сакавіка, у Дзень праваслаўнай кнігі, святар храма Богаяўлення, які будуецца ў Шчучыне, іерэй Ігар Каласоўскі правёў адкрыты ўрок "Дзіцячая праваслаўная кніга" для вучняў 1-5 класаў СШ №3 г. Шчучына. На выставе "Хрысціянская кніга для дзяцей", арганізаванай у школе, былі прадстаўлены "Дзіцячая Біблія" і малітвасловы для дзяцей, жыцці святых, кнігі для самых маленькіх.
Ганна РУДСКАЯ
Фота аўтара:
1. Пра самую старажытную кнігу расказвае айцец Сергій Сямашка
2. Выстава богаслужбовых кніг зацікавіла дзяцей