“МЫ – З ВОГНЕННАЙ ВЁСКІ…”
22 студзеня 1944 года фашысты спалілі вёску Зінякі Шчучынскага раёна. Так жорстка яны адпомсцілі зінякоўцам за сувязь з партызанамі. У полымі агню загінула 419 чалавек.
Праз семдзесят год на месцы трагедыі ля мемарыяльнага комплексу сабраліся прадстаўнікі ўлады, школьнікі, ветэраны вайны і працы, ваеннаслужачыя, колішнія і сённяшнія жыхары вогненнай вёскі, сведкі трагедыі. Мітынг, прысвечаны памяці ахвяраў фашызму, вярнуў прысутных у далёкія саракавыя… Былі трапяткія словы, патрыятычныя вершы, кветкі, ганаровая вахта, xлеб Памяці. Ліцію за спачын душ знішчаных землякоў адслужыў благачынны Шчучынскай акругі іерэй Александр Пасцерняк.
Сціскалася сэрца ў Мікалая Іванавіча Журуна – сведкі жудаснай студзеньскай трагедыі, якому цудам пашчасціла застацца жывым: 12-гадовым хлапчанём па загаду маці схаваўся пад страхоў суседняга дома. За семдзесят год не адну сотню разоў расказаў пра вогненную гісторыю вёскі турыстам, школьнікам, журналістам. А сёння… проста маўчаў.
Ледзь стрымліваў слёзы і 88-гадовы Міхаіл Іосіфавіч Журун. Ягоную гісторыю на мітынгу распавяла дачка Лілія:
- У ноч на 22 студзеня тата застаўся ў сястры ў Карпанаўцах застаўся. Там таксама было неспакойна. Чуткі паўзлі, што карнікі нешта супраць Зінякоў задумалі. Хацеў раніцой бегчы дамоў, ды сястра на шыю кінулася, плакала-маліла, каб не хадзіў: “Ім не дапаможаш, і сам прападзеш”. Але ж не ўцярпеў – пабег. Ды позна! Карнікі яшчэ з ночы Зінякі акружылі… Татка здалёк, з горачкі, бачыў, як да іх хаты немцы прыйшлі, як зганялі людзей, скаціну забіралі, курэй лавілі, і як хата запалала бачыў. Людзей, сагнаных у гумны, палілі ў чатырох месцах. Хто спрабаваў уцячы, - у таго стралялі. Ці ж можна забыць такое?!
Міхаіл доўга хаваўся ў лесе. Потым далучыўся да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі пайшоў на фронт. Шмат разоў быў на валаску ад смерці. Быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі. Мае ўзнагароды – медаль “За адвагу”, ордэн Чырвонай зоркі і шмат іншых.
Пасля трагедыі Зінякоў выжылі усяго дваццаць тры яе жыхара. Хтосьці падчас бяды знаходзіўся ў суседніх вёсках, хтосьці схаваўся ці ўцёк. Але дзіўная рэч – пасля ўсяго перажытага яны вярнуліся на родныя папялішчы: разам гаравалі і … будавалі новае жыццё, нараджалі дзеткак, саджалі дрэвы, расцілі хлеб. Травы і кветкі зацягнулі выпаленыя раны на целе зямлі. Але нават працяглы час не залячыў раны на сэрцах людзей, якія страцілі свае сем’і.
Зараз Зінякі моцна пастарэлі. Тут засталося менш за дзесяць жыхароў – пераважна старэнькія і нямоглыя людзі. Разам яны – бы сям’я, якая жыве агульнымі ўспамінамі пра трагедыю, што падзяліла жыццё вёскі на две часкі: да і пасля. У чорны для вёскі дзень яны заўжды прыходзяць да мемарыялу і ўспамінаюць. Каб новыя пакаленні ведалі, што такое фашызм і ніколі не дапусцілі вайны…
На Шчучыншчыне ў гады вайны ад рук фашысцкіх карнікаў загінула больш сямі тысяч мірных жыхароў. Трагічны лёс Хатыні і Зінякоў раздзялілі жыхары вёскі Агародзішча.
Ала БІБІКАВА,
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА