У царкве свц. Лукі і ў гэтым годзе на Вялікдзень пасля святочнай літургіі спяваў хор “Бацькаўшчына”. Гэта стала ўжо традыцыяй, якую заснаваў і няўхільна падтрымлівае настаяцель храма айцец Аляксандр Хомбак, таму што ён лічыць, што вельмі неабходна для чалавека ведаць свае спадчынныя карані і як мага часцей вяртацца да іх.
У дадзеным выпадку вяртанне да каранёў беларускага народа, заглыбленне ў адметную ад іншых беларускую душу адбываецца праз беларускую духоўную музыку і беларускае слова. Хор “Бацькаўшчына” спявае толькі па-беларуску і тым самым падчас кожнага свайго выступлення зноў і зноў запрашае беларусаў з гонарам адчуваць сябе беларусамі і не цурацца свайго багатага гістарычнага і культурнага мінулага.