Прасвятая Багародзіца для вялікай колькасці людзей з’яўляецца шляхам і провадыром да Хрыста. Невыпадкова адзін з іканаграфічных зводаў Багародзіцы мае назву “Адзігітрыя”, што у перакладзе з грэчаскай мовы азначае "Пуцяводная". У пэўным сэнсе царкоўная музыка і спевы – гэты таксама адзін з шляхоў, якія прыводзяць людзей у храм. Менавіта таму 23 лютага 2016 года ў Гарадзенскім музеі гісторыi рэлігіі ў межах XV фестывалю праваслаўных песнапенняў "Каложскі Благавест" адбылося адкрыццё выставы ікон Багародзіцы "Зорка Пуцяводная".
На выставе прадстаўлены абразы Маці Божай, кожны з якіх мае сваю гісторыю. Некаторыя з іх былі перададзены для экспазіціі Барыса-Глебскай (Каложскай) царквой і Пакроўскім кафедральным саборам. Таксамы выстаўлены кнігі з царкоўнымі службамі і песнапеннямі, любімымі праваслаўнымі вернікамі малітвамі і народнымі песнямі, прысвечанымі Царыцы Нябеснай. Асобнае месца на выстаўцы займаюць прадметы, якія адлюстроўваюць гісторыю Гродзенскага фестывалю праваслаўных песнапенняў.