Кожны народ мае сваю асаблівую гісторыю і сваю непаўторную культуру. Кожны іх носьбіт мае пэўны набор традыцый, вераванняў, каштоўнасцей, норм і прынцыпаў, якія ён перанімае ад сваіх продкаў у спадчыну і перадае нашчадкам.
Сведкамі генезісу культуры і гістарычных падзей, адлюстраваннем пэўнай эпохі і стылю з’яўляюцца помнікі. Гэта яшчэ адна частка спадчыны, якую неабходна берагчы. У Рэспубліцы Беларусь існуе Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, які складаюць помнікі археалогіі, помнікі архітэктуры, помнікі гісторыі і помнікі мастацтва. У складзе Мастоўскага раёна ёсць 17 такіх гісторыка-культурных каштоўнасцей.