Іерэй Аляксандр Пасцярняк прыняў удзел у святкаванні Дня народнага адзінства ў Шчучыне
Першакласнікі сталі галоўнымі героямі святкавання Дня народнага адзінства ў Шчучыне. Урачыстасць на цэнтральнай плошчы горада аб’яднала 331 вучня з 16 устаноў адукацыі раёна. Тыя, хто летась толькі пайшлі ў школу, сабраліся, каб атрымаць сваю першую кнігу — буквар.
Паздзяліць з дзецьмі гэтую важную падзею прыйшлі шматлікія госці, сярод якіх Ганна Хвядзюк — старшыня Шчучынскага раённага Савета депутатаў, Андрэй Шкіндзераў і Алена Пасюта — намеснікі старшыні Шчучынскага райвыканкама, Павел Міхалюк — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Валянціна Ложачнік — памочнік дэпутата, Вінцэнты Казяк і Эдмунд Дзікевіч — ганаровыя грамадзяне горада, іерэй Аляксандр Пасцярняк — благачынны Шчучынскай акругі, ксёндз Анджэй Агель — пробашч касцёла святой Тэрэсы горада Шчучына і іншыя. Парадавацца за сваіх дзетак і палюбавацца на іх сабраліся настаўнікі, бацькі, бабулі і дзядулі
Выдатнік асветы СССР, заслужаны работнік народнай адукацыі БССР Эдмунд Дзікевіч у прывітальным слове сказаў:
— Я хачу павіншаваць вас, дарагія дзеці, ад імя вашых бабуль і дзядуляў з такім памятным днём. Ваш буквар — гэта залаты ключык у свет ведаў. Там будзе няпроста, але вы ўсё пераадолееце, таму што побач з вамі будуць вашы любімыя настаўнікі і бацькі. Жадаю вам займацца толькі на “дзесяць”, здароўя вам і поспехаў. Здароўя і цярпення вашым настаўнікам і бацькам.
Буквары разам з беларускімі дзеткамі атрымалі і два кубінскія хлопчыкі, сем'і якіх пераехалі ў Шчучын. Луіс Эдуарда Сэнці Лосада і Маркас Энрыке Дэльгада Бенітэс вучацца ў 1 "Г" класе СШ № 2.
Святар Аляксандр Пасцярняк урачыста ўручыў першыя буквары і дзённікі навучэнцам школ з Астрыны і Жалудка.
— Лічу вельмі важным для кожнага з нас не толькі захаваць мір і дабрабыт, але і здолець перадаць усе найкаштоўнейшыя скарбы нашым дзеткам, — адзначыў айцец Аляксандр, вітаючы прысутных у памяшканні райвыканкама.
У 16:00 на цэнтральнай плошчы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання праваслаўнага ваенна- патрыятычнага клуба ”Дружына” лістамі падзякі ад імя райвыканкама і раённага савета дэпутатаў.
Крыніца: Дзянніца