Главная » Библиотека » Публикации » 2021 » 05 » 23 » Архiепiскап Арцемiй. Аб паралізаваным

Архiепiскап Арцемiй. Аб паралізаваным

Сёння Святая Царква пераносіць нас да Авечых варот Іерусаліма. Гэтыя вароты знаходзіліся на паўночна‑ўсходнім баку гарадской сцяны.

Называліся яны Авечымі, верагодна, таму, што каля іх быў рынак, на якім куплялі авечак для ахвярапрынашэнняў, ці таму, што праз іх прыганялі гэтых жывёл да храма.

І недалёка ад гэтых гарадскіх варот знаходзілася купальня. Пра гэту купальню нідзе не гаворыцца ў кнігах Старога Запавету. Таму можна меркаваць, што яна стала вядомай незадоўга да прышэсця Збаўцы.

Пры гэтай купальні было 5 крытых хадоў, магчыма, галерэй, і, як гаворыцца ў Евангеллі, “у іх ляжала вялікае мноства хворых, тых, што чакаюць руху вады…” Не хто‑небудзь, а сам Ангел Гасподні спускаўся ў купель і ўзрушаў ваду.

Прыходзіць Іісус, бачыць паралізаванага чалавека, які не можа самастойна падняцца, які знаходзіцца ў хваробе многа год, і пытаецца ў яго: ці хочаш быць здаровым?

Хрыстос, пытаючыся ў паралізаванага, ці хоча той быць здаровым, мае на ўвазе: ці хоча ён быць уратаваны? Мы бачым, што побач з ацаленнем цялесным паралізаванаму будзе дадзена і ацаленне духоўнае – а людзі гэтаму амаль не надаюць увагі. І хворы адказвае: “Так, Госпадзі, я хачу, але няма нікога, хто б мяне апусціў у купальню, калі вада будзе ўзрушвацца, і таму, калі я прыходжу, іншы сыходзіць туды раней за мяне”.

А ўсе гэтыя людзі, што сабраліся вакол купелі, былі вернікамі, рэлігійнымі. Доўгі час яго ніхто не прапускаў і нікому з вернікаў не прыходзіла ў галаву думка ўзяць яго і апусціць у гэту купель.

Такая прырода прымхаў. Іудзеі верылі, што прыйдзе Ангел Гасподні, што хтосьці дапаможа, што ацаленне даступнае. Але іх вера была звернута толькі на саміх сябе, іншыя людзі іх зусім не цікавілі. Пустая вера, прымхлівая. Хрыстос проста сказаў: “Устань, бяры пасцель і хадзі!” Збаўца ацаляе яго, ацаляе, выразна падкрэсліваючы, што, у астатнім рахунку, не праз крыніцы, нават лекавыя, ацаляюцца людзі, а толькі па Божай міласці, па Божай любові, па Божым спачуванні.

Ацаленне паралізаванага не выклікала радасці і нават багавейнасці тых людзей, што яго акружалі. Чаму парушаны суботні спакой? Чаму адважыўся паралізаваны падняцца і пайсці тады, калі ўсе павінны знаходзіцца ў спакоі?

Дзіўна, але і ў нашай супольнасці таксама, як і ў часы Збаўцы, абавязкова знойдуцца людзі, якія самую добрую справу пакрыюць недаверам, асуджэннем і асмяяннем з‑за таго, што не выканана якое‑небудзь правіла. І гэта чалавечая здольнасць не жадаць бачыць галоўнага, змешваць яго з другасным у нас вельмі ўкаранілася.

«А Той, Хто мяне ацаліў, – кажа ён, – сказаў мне: “Вазьмі пасцель тваю і хадзі”». Ён не лёг назад, ён стаў спрачацца. У яго спыталі, хто Гэты Чалавек, ён адказаў: “Не ведаю”.

Хрыстос сустракае ацалёнага ў храме. Не дзе‑небудзь яшчэ, не на рынку, не на дарозе – у храме. Чалавек прыйшоў памаліцца, падзякаваць Богу. Іісус кажа яму: “Вось, ты ацалёны. Ідзі і наперад не грашы, і няхай не адбудзецца з табой чаго‑небудзь горшага”. Гасподзь паказвае і тлумачыць гэтаму чалавеку, а разам з ім і ўсім нам, што хваробы – гэта наступствы грахоў.

“Прычына хваробы – грэх, свая ўласная воля, а не якая‑небудзь неабходнасць”, – лічылі і святыя айцы.

І чалавек гэты пайшоў і абвясціў іудзеям, што Той, Хто ацаліў яго, ёсць Іісус. Іісус быў вядомы, Ён ужо не адно і не два цудатварэнні ажыццявіў на вачах ва ўсёй гэтай браціі, што Яго не любіць. І ацалёны кажа: «Гэта Іісус. Ён мне сказаў: “Устань і вазьмі пасцель сваю”». Ён гэта зрабіў у суботні дзень. Але самае галоўнае – Ён падняў мяне, калі я ляжаў ужо трыццаць восем гадоў».

Што для нас, тых, што жывуць тут і зараз, асабліва важна ў гэтым евангельскім урыўку? Ён апавядае пра дзве найгалоўнейшыя небяспекі, якія падпільноўваюць тых, хто спрабуе наблізіцца да Бога.

Першая – гэта абгавор з боку тых, хто “ўсё ведае”. Усе ўсё ведалі пра суботу: ацаляць нельга, гэтага рабіць нельга, таго нельга, ложа сваё прыбраць нельга. Усё яны ведалі, усё правільна гаварылі, вось толькі ацаліць не маглі. Але заўсёды людзі, якія не ўмелі што‑небудзь рабіць, зайздросцяць тым, хто ўмее, баяцца іх, абгаворваюць, пагарджаюць імі. Трэба ісці міма такіх людзей. І ведаць, дзе праўда Божая, а дзе ўмоўнасць, надуманая людзьмі.

І другая небяспека, да якой таксама трэба быць гатовым. Усе міласэрныя, усе ведаюць і запаведзі Дзесяціслоўя, і запаведзі блажэнства, але толькі вось паралізаваны, гэты слабы, нікчэмны чалавек не мог увайсці, і не было нікога, хто аказаў бы яму дапамогу. Кожны быў засяроджаны на сабе.

Усё наша жыццё ў Царкве павінна быць прысвечана пераадоленню гэтых двух цяжкіх грахоўных станаў: абрадавер’я, гэта значыць калі мы ўсё ведаем правільна, але зрабіць нічога для людзей не можам і не хочам, і звернутасці на сябе.

Выпадак з паралізаваным, апісаны ў Евангеллі паводле Іаана, сведчыць нам пра тое, што ніколі не трэба адчайвацца і апускаць рукі.

Эпізод з сённяшняга евангельскага чытання сведчыць пра цудатворную моц Госпада Збаўцы. Чаму ж менавіта ў велікодныя дні мы павінны пачуць аб ацаленні паралізаванага? Кожны евангельскі аповед ёсць сведчаннем пра тое, што Іісус Хрыстос быў не простым чалавекам, а Словам Божым, Якое ўцялеснілася і Якое існавала ў Бога першапачаткова, адвечна, і праз Якое Ён стварыў увесь сусвет.

Боскае Слова, уцялесніўшыся і стаўшы Чалавекам, явіла Сябе ў тым ліку і праз цуды, якія Гасподзь Іісус Хрыстос ажыццяўляў. І цуд ацалення Іісусам Хрыстом паралізаванага сведчыць пра ўсемагутнасць Божую.

Будзем звяртацца да Госпада з просьбай пра тое, каб Ён заўсёды ацаляў усе нашы немачы. Будзем маліцца Яму за ўсіх хворых, якія сёння чакаюць ад Яго ацалення. І будзем прасіць дапамогі Яго, каб Ён дапамагаў нам жыць не ў расслабленні, а ў напружанні духоўным, якое неабходна для таго, каб усё наша жыццё стала падрыхтоўкай да Царства Нябеснага, дзе мы аднойчы тварам у твар сустрэнемся з Хрыстом Збаўцам, як з ім сустрэўся расслаблены.

 

 
Архiепiскап Арцемiй. Аб паралізаваным
Орфографическая ошибка в тексте:
Чтобы сообщить об ошибке, нажмите кнопку "Отправить сообщение об ошибке". Также вы можете добавить свой комментарий.
Article | by Dr. Radut